– Па-першае, вiншую з перамогай. I ўсё ж нiяк не магу ўцямiць, што прымусiла студэнта балатавацца ў дэпутаты?
– Я гэта зрабiў дзеля таго, каб паспрабаваць змянiць iснуючую сiтуацыю ў маiм горадзе ў лепшы бок – дамагчыся рамонту дарог, дахаў, падвалаў, усталявання стаянак для аўтамабiляў, аднаўлення дзiцячых пляцовак... Сiтуацыя ў раёне крытычная i яе трэба неадкладна мяняць. Хто, калi не я?
– Наколькi я памятаю, тваiм супернiкам на выбарах быў Iван Тарасюк, кiраўнiк Мастоўскага ўчастка Дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення. Як ты лiчыш, чаму прагаласавалi менавiта за цябе? Iван Тарасюк – чалавек больш вядомы ў раёне, больш дасведчаны, займае пасаду...
– Так, Iван Аляксандравiч даволi вядомы чалавек ў Мастоўскiм раёне. Але ж я перамог на выбарах таму, што добра працавала мая каманда. Працавалi лiтаральна з ранку да вечара. Я з сябрамi абыйшоў па тры разы сваю акругу, правёў сустрэчу з выбаршчыкамi ў Доме культуры, выступiў на мясцовым радыё. Наколькi я ведаю, мой канкурэнт нiчога падобнага не рабiў.
– Якi, наогул, склад Мастоўскага раённага Савета? З кiм будзеш працаваць?
– Дзякуй Богу, ёсць шмат разумных i адукаваных людзей. Толькi з тых, што я ведаў яшчэ раней – гэта, напрыклад, дырэктар «Сельгасхiмii» Мiкалай Лiсай, участковы тэрапеўт Iрына Мядзведзева, вучоны-аграном Аляксандр Пудаўкiн i шмат iншых. Пасля першай сесii Савета ў мяне склалася ўражанне, што з гэтымi дэпутатамi можна працаваць i вырашаць праблемы, у тым лiку, жыхароў раёна i маёй акругi.
– Як ты, наогул ацэньваеш выбары ў мясцовыя Саветы?
– Аб гэтым ужо было шмат сказана. Прадстаўнiкi дэмакратычных колаў краiны заявiлi, што выбары прайшлi са шматлiкiмi парушэннямi. Было апублiкавана мноства фактаў, калi дэмакратычна настроеным кандыдатам штучна стваралi перашкоды, аб гэтым, дарэчы, сведчаць i шматлiкiя скаргi ад кандыдатаў, якiя разбiраюцца ў судах краiны дагэтуль. Таму я, як бы, не маю нейкiх iлюзiй адносна выбараў. Але, з другога боку, разумею, што трэба працаваць i змагацца за дэмакратычныя iдэалы ў сваёй краiне.
– Разумею, што рашэнне iсцi на выбары далося табе не проста. Але да гэтага трэба было i падрыхтавацца: праграма, выбарчая кампанiя. I, бадай, самае галоўнае: дэпутаты заўсёды нешта абяцаюць выбаршчыкам. Як ты намерваешся выконваць свае абяцаннi?
– У мяне ёсць не толькi планы, у мяне ўжо ёсць i пэўныя дзеяннi па выкананню праграмы. З 2 красавiка, калi 74,4% выбаршчыкаў даверылi мне дэпутацкi мандат, пачаўся рэмонт дома ў маёй акрузе па вулiцы Будаўнiкоў, 14. Там пабялiлi i пафарбавалi сцены i дзверы. А ў гэтыя выхадныя я з незарэгiстраванай маладзёжнай iнiцыятывай «Маладыя кансерватары» пасаджу па акрузе дрэвы. Хутка пачнецца рэканструкцыя цэнтральнага рынку горада – гэта таксама адзiн з пунктаў маёй праграмы.
– Спадзяюся, што ты разумееш i тое, што паўстануць праблемы: няма грошай, большасць лiчыць па-iншаму i падобнага кшталту рэчы. Думаў пра гэта?
– Так, мне будзе вельмi складана дамагацца вырашэння сваiх перадвыбарчых абяцанняў. Бо ў райвыканкаме вырашаюць, што трэба зрабiць у першую чаргу, i часам гэта далёка не прыярытэтныя праблемы. Пра сiтуацыю з вырашэннем праблемаў маiх выбаршчыкаў я ўжо размаўляў з старшынём райсавета Георгiем Каробкам. Бачна, што паўнамоцтвы i правы сённяшнiх дэпутатаў мясцовых Саветаў – абмежаваныя. Трэба значна пашырыць артыкул 13 Закона аб статусе дэпутатаў мясцовых Саветаў i закон аб самакiраваннi. Я лiчу, што старшынi райвыканкама i гарвыканкама павiнны быць выбарнымi, а не так, як зараз, калi кiраўнiкоў прызначае прэзiдэнт.
– У Мастах, сам разумееш, сiтуацыя, як i ва ўсёй краiне: у заняпадзе эканомiка, незадаволены прадпрымальнiкi, у калгасах не плоцяць грошаў ў час, моладзь уцягнута ў наркаманiю i алкагалiзм. Усе гэтыя праблемы трэба вырашаць, прычым, неадкладна. Як гэта зрабiць, на твой розум?
– Эканомiка ў заняпадзе, прадпрымальнiкi незадаволены. Каб пачаўся рэальны эканамiчны рост i прадпрымальнiкi былi задаволены, трэба: знiзiць падаткi, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для развiцця прадпрымальнiцтва i спрасцiць рэгiстрацыю, каб грамадзянiн мог зарэгiстравацца за адзiн дзень, не так, як зараз, калi на гэта могуць пайсцi месяцы. Нам не трэба вынаходзiць ровар, трэба пераняць вопыт у нашых суседзяў – палякаў, латышоў, лiтоўцаў. Што датычыцца беспрацоўя, то i тут прадпрымальнiкi дапамогуць – створаць працоўныя месцы.
Я згодзен, што нашу моладзь нельга пакiдаць на сябе. Трэба ствараць як мага больш спартыўных секцый, гурткоў, колаў музыкi i мастацтва. Iншая справа – як гэта зрабiць. Я зраблю тое, што ад мяне залежыць, у прыватнасцi, я буду змагацца за тое, каб грошы падаткаплацельшчыкаў пайшлi на вырашэнне прыярытэтных праблемаў самiх падаткаплацельшчыкаў.
– Якiм будзе твой першы крок у мясцовым Савеце?
– Дамагчыся фiнансавання рамонту дахаў i падвалаў у дамах № 6,8,10,14 на вулiцы Будаўнiкоў i ў доме №2 па праспекту Юнацтва.
– Дарэчы, вельмi важнае пытанне: як ты збiраешся сумяшчаць дэпутатства ў Мастах i навучанне ў гродзенскiм унiверсiтэце?
– Няма праблемаў, гэта цалкам магчыма. Напрыклад, у перыяд перадвыбарчай кампанii паралельна я здаваў сэсiю i напружаны перадвыбарчы час не перашкодзiў мне атрымаць па ўсiх iспытах «пяцёркi».
– Якой табе бачыцца наша краiна ў будучым?
– Незалежнай i заможнай. Калi ўсе жыхары будуць мець працу i годны заробак. Калi будуць чыстыя i прыгожыя пад’езды, добрыя дарогi, калi жыхароў краiны будзе больш нараджацца, чым памiраць.
– Судзячы па нашай размове, амбiцыi ў цябе здаровыя. Можа ты пачаў свой шлях з мясцовага Савета, каб потым, некалi стаць прэзiдэнтам? Прызнавайся!
– Калi я атрымаю добрую вышэйшую адукацыю, збяру вялiкую каманду аднадумцаў па ўсёй Беларусi, набуду жыццёвы i прафесiйны вопыт. I самае галоўнае – калi не буду бачыць кандыдатуру, лепшую за маю, на пасаду прэзiдэнта, то абавязкова вазьмуся кiраваць краiнай. Галоўнае, каб гэтага хацелi жыхары нашай сiнявокай Бацькаўшчыны – незалежнай Рэспублiкi Беларусь.
– Дзякуй за размову, поспехаў!
Гутарыў Дзмiтрый ЯГОРАЎ