Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 270 от 10.04.2003  

Беларускі ручнік – формула жыцця

7 сакавiка ў памяшканнi Гродзенскага Iнтэрнет-цэнтра «Мадэм» адбылася прэзентацыя кнiгi Вольгi Лабачэўскай «Беларускi ручнiк – повязь часоў». Пасля падзеi, якая супала са святам праваслаўнага Дабравешчання, прысутныя пад запеў хора «Бацькаўшчына» гукалi вясну.

Вольга Лабачэўская, мастацтвазнаўца з Мiнскага iнтытута праблем культуры, аўтарка i вядомай super-book «Беларуская саломка», прэзентавала ў Гродне сваю новую кнiгу «Беларускi ручнiк – повязь часоў». Па словах аўтаркi, кнiга прысвечана «беларускай сялянцы, захавальнiцы беларускай традыцыi». Яе прэзентацыя адбылася пакуль толькi ў Варшаве i Мiнску. Падчас сустрэчы ў Гродне Вольга Лабачэўская ў сцiслай форме распавяла пра адметнасцi беларускiх ручнiкоў-набожнiкаў ва ўсiх рэгiёнах Беларусi. Наогул, толькi ў нашай краiне iснуе такая багатая традыцыя выкарыстання ручнiкоў – ад простых уцiральнiкаў да вясельных, пахавальных i ручнiкоў на абразах. Праз узоры i арнаменты сялянская жанчына-ткачыха кадавала пажаданнi шчасця i квiтнення сям’i, цэламу роду i нават вёсцы.

Мастацтвазнаўца вылучыла i адметнасцi панямонскiх (тых, што былi вырабленыя ў нашым рэгiёне) ручнiкоў: гэта вытанчаная шляхетнасць узора i натуральнасць колераў.

На заканчэнне вечарыны хор «Бацькаўшчына» падзякаваў спадарыню Вольгу за цiкавы аповяд выкананнем веснавых песен.

Алена СIневiч

У якасцi даведкi: Вольга Лабачэўская – ураджэнка расiйскай Цюменi. Аднак, прыехаўшы ў Беларусь, адчула гэты край сваiм. Ейныя кнiгi надзвычай цэняцца сусветнай i беларускай грамадскасцю i становяцца падзеяй у беларускай культуры.

Назад