Жаночыя фігуры Лакобы ў Інтэрнеце
З мiнулай нядзелi для шырокай грамадскасцi адкрыўся веб-сайт гарадзенскага мастака Генадзя Лакобы.
На старонцы па адрасе www.oic.unibel.by/Lakoba/ пададзена поўная iнфармацыя пра мастака, артыкулы, iлюстрацыi найбольш характэрных i вядомых жывапiсных, скульптурных работ i габеленаў.
На вечарыну, прысвечаную адкрыццю iнтернэтаўскай старонкi, былi адмыслова запрошаныя прадстаўнiкi прыватнага бiзнесу, банкiры, калекцыянеры, а таксама сябры мастака i аматары яго талента. Каларыту i прысмаку багемнасцi сустрэчы надалi бяседы пра квадрат Малевiча, шляхi беларускага мастацтва, а таксама «аўтарскае» чырвонае вiно, якое давiў сам мастак.
Генадзь Лакоба лiчыць, што «выхад у Iнтэрнет» для мастака сёння вельмi важны, бо дазваляе прэзентаваць сябе i за мяжой. Дырэктарка Iнтэрнет-цэнтра, высiлкамi якога i быў створаны сайт, Валянцiна Суворына, прызнае без хiтрыкаў, што названы праект разлiчаны, ў першую чаргу, на кола аматараў – патэнцыяльных пакупнiкоў:
-Шкада i крыўдна, калi мастак становiцца вядомым толькi пасля таго, як яго не стане. Мы б хацелi, каб гарадзенскiя мастакi дабiвалiся прызнання ўжо сёння...
Творы мастака вызначаюцца сакавiтым каларытам, сонечнасцю, а галоўная мадэль хiба што ўсiх яго твораў – жаночая фiгура ў розных варыяцыях i праекцыях.
Алена СIневiч
|