Да працы праходзiў праз Старуўку (стары горад), заслухоўваючыся скрыпкай i акардэонам першых вулiчных музыкантаў. Недзе з адкрытага акенца кавярнi сачыўся водар свежае кавы. Гэта неяк зусiм рознiлася ад таго шляху, якiм я ў Гродне кожную ранiцу iду на працу. На жаль, гэты час працягваўся нядоўга.
Праз пару дзён давялося стаяць на Цэнтральным вакзале i, палячы цыгарэту за цыгарэтай, чакаць цягнiка. На Радзiме чакалi непрыемныя звесткi. Думкi перабiў нейкi чалавек. Ён прасiў цыгарэту. Па ўсiм вiдаць, што гэта быў бяздомны, нападпiтку, хваравiта казаў, што некага заб’е, бо той абакраў ягоную машыну, скупа выхапiў з пудэлка дзве цыгарэты i хацеў адыходзiць. Я ўзяў яго за рукаў i працягнуў цэлы пудэлак. За гэтых некалькi дзён у Варшаве давялося сутыкнуцца з лёсам такiх людзей.
Там, дзе памiраюць у чалавечых умовах
Ад наркаманii лечаць наркотыкам
Невялiчкi Атвоцк, якi амаль мяжуе з Варшавай, нагадвае Друскiнiнкай. Гарадок у сасновым лесе. Ксёндз Аркадыюш Новак, дырэктар Цэнтру, распавядае, што гэта адзiн з трох дамоў рэабiлiтацыi дапамогi наркаманам i ВIЧ-iнфiцыраваным Канстанцiнскага рэадаптацыйнага Цэнтру, якi належыць мiнiстэрству Аховы здароўя Польшчы.
Тут нязвыклая цiшыня. Утульна. Зроблена i абстаўлена ўсё па еўрапейскаму стандарту. Гэта вiдаць па сценах, лесвiцах, мэблi, пакоях з санвузламi, агульнай кухнi, якую наўрадцi можна сустрэць у нашых шпiталях, нарэшце, па запахах. Польская дзяржава штогод выдаткоўвае на ўтрыманне гэтай установы тры мiльёны злотых. У Цэнтры зараз знаходзяцца 43 наркаманы i ВIЧ-iнфiцыраваныя. Гэта розныя людзi рознага ўзросту. У трох падобных дамах iх звыш 120 чалавек. Але ўсяго ў Польшчы зараз налiчваецца каля васьмi тысяч ВIЧ-iнфiцыраваных, штомесяц iх колькасць прыбывае на 50-60 чалавек. Што датычыць наркаманаў, то нават ксёндз Новак не здолеў назваць прыкладную лiчбу – 100-200 тысяч? Сярод наркаманаў, хто лечыцца ў Цэнтры, толькi 30-40 працэнтаў выходзяць здаровымi людзьмi. Методыка лячэння людзей, якiя церпяць ад наркотыкаў, па нашых рэалiях нязвыклая – iх лечаць метадонам, iтальянскi лек, якi таксама ўтрымлiвае наркатычнае рэчыва. Хвораму неабходна кожны дзень прыходзiць да доктара, i з кожнай порцыяй яму ўводзiцца меншая доза леку, што пазбаўляе неабходнасцi прымаць наркотыкi. I так, пакуль доза не зменшыцца да нуля. Ксёндз Аркадыюш кажа, што той, хто здолеў пралячыцца i адмовiцца ад наркотыкаў, становiцца абсалютна iншым чалавекам. Да ўсяго, тут усё бясплатна.
Ад СНIДу няма лекаў
Што датычыць хворых на СНIД, iх таксама лечаць, прымяняючы рэтравiруснае лячэнне. Гэта не ратуе ад смерцi, але аблягчае iснаванне i на нейкi час працягвае жыццё. Пацыенты пагаджаюцца з гэтым. Цiкава, што нiхто з абслугоўваючага персаналу, за выключэннем урача, якi лечыць, не ведае тых, хто iнфiцыраваны СНIДам. Лячэнне наркаманаў таксама адбываецца ананiмна. У бальнiцы цяжка зразумець: хто пацыент, а хто абслугоўваючы персанал. Аднойчы жонка прэзiдэнта Польшчы, Iаланта Квасьнеўска, падчас наведвання Цэнтру звярнулася да аднае жанчыны i запыталася пра ўмовы працы. Пазней доктар, якi яе суправаджаў, патлумачыў, што жанчына была не з абслугоўваючага персаналу, а з пацыентак.
Смерць прыходзiць па-рознаму
Ёсць адно аддзяленне ў шпiталi, дзе ляжаць тыя, хто ўжо памiрае ад СНIДу. Я быў адзiным з калегаў– журналiстаў, каго ксёндз Аркадыюш правёў па карыдоры гэтага аддзялення. Перад уваходам ён папярэдзiў, каб я не задаваў пытанняў i стараўся не здзiўляцца. Яшчэ ён сказаў, што напачатку Цэнтр планавалi адкрыць менавiта для такiх людзей.
Першы раз у жыццi бачыў, як людзi чакаюць смерцi. Аказваецца, па-рознаму. Уздоўж доўгага калiдора восем палатаў. Ва ўсiх адчыненыя дзверы. Мы iдзем паволi, заглядваючы ў кожную з iх. Першыя дзверы злева: маладая кабета ляжыць на засланым ложку i зацiкаўлена чытае кнiжку. Ляжыць на баку спiной да нас, у спартыўных штанах i прыгожай футболцы з кароткiм рукавом. Я не бачыў яе твару, яна нават не павярнулася.
Трошкi далей, справа – у палаце двое мужчынаў. Старэйшы ля вакна нешта пiў з бутэлькi, яго вочы ўпалыя, твар бледны, амаль жоўты, у iм няма жыцця. Але ён з цiкаўнасцю паглядзеў мне ў вочы. Я адчуў, што ён зразумеў дзеля чаго я прыйшоў.
Малады мужчына наадварот адвярнуў свой позiрк, зрабiўшы выгляд, што нечым заняты.
Злева iзноў мужчыны, але яны, напэўна, спяць, толькi цiхенька працуе тэлевiзар. Над ложкам вiсяць нейкiя плакаты i здымкi. Iм прыкладна ад 30 да 40 гадоў.
Ксёндз Аркадыюш заходзiць у апошнюю палату па леваму баку. Я за iм. Тут доктар робiць працэдуру 14-гадоваму Анджэю. Ён стогне, не адкрывае вачэй, твар бледны, а з выгляду нагадвае хворага цэрабральным паралiчом, ён не дае рады нават павярнуцца... Ксёндз Аркадыюш кажа, што хлопец прымаў наркотыкi, i ён самы малады пацыент... Праз вялiкае вакно яму на твар падае сонейка, але вочы не хочуць расплюшчвацца...
Мы паглядзелi яшчэ спецыяльную ванную, якая прыстасавана так, каб сюды можна было завесцi хворага на ягоным ложку i памыць.
Выходзячы з аддзялення, ксёндз Аркадыюш запытаўся ў мяне, з якога я гораду. Я адказаў, што з Гродна, а ён, усмiхнуўшыся, дадаў, што вельмi даўно марыць там пабываць.
СНIД застаецца самай страшнай эпiдэмiяй чалавецтва
У 1985 годзе ў Польшчы з’явiлiся першыя 14 чалавек, iнфiцыраваных СНIД. У грамадстве быў сапраўдны шок. Нават блiзкiя i родныя не хацелi тады жыць з ВIЧ-iнфiцыраванымi. Даходзiла да таго, што людзi палiлi закiнутыя дамы, дзе сялiлiся ВIЧ-iнфiцыраваныя. Два тыднi яны жылi на тэрыторыi мiнiстэрства Аховы здароўя, пасля чаго iм выдзелiлi дом ў Канстанцiнаве, дзе размясцiлi ўсiх разам. З гэтага ўсё пачыналася. Як распавядае ксёндз Аркадыюш, шмат дапамагла зрабiць прэса, прымусiўшы дзяржаву i грамадства паглядзець на праблему iншымi вачыма.
СНIД – на дадзены момант, безумоўна, застаецца самай смертаноснай эпiдэмiяй у гiсторыi чалавецтва – пры сучасных тэмпах свайго развiцця напрацягу наступных 20 гадоў, па прагнозах спецыялiстаў, ён забярэ жыццi 68 мiльёнаў чалавек у 45 найбольш пацярпеўшых краiнах. Гэта лiчба больш чым у пяць разоў перавышае лiчбу ахвяраў СНIДа за мiнулыя 20 гадоў. У некаторых з гэтых краiнаў да паловы сённяшнiх маладых мацi могуць памерцi ад СНIДа. Ва Усходняй Еўропе гэта эпiдэмiя распаўсюджваецца хутчэй, чым дзе б гэта не было на планеце.
Горад бяздомных
Год таму ў Польшчы былi адкрыты чатыры новыя прытулкi для бяздомных. Чалавек, якi гэта зрабiў, Марэк Катаньскi, у той дзень сказаў: «Гэты дзень, быццам грамадскi пражэктар, высвечвае сцэну жыцця, на якую з кожным годам прыбывае ўсё больш i больш новых людзей, асуджаных на жабрацкае iснаванне... Мы не адзначаем гэты дзень шумна, не ўскладваем вянкоў да помнiка бяздомным. Яго проста няма. Мы адкрываем новыя прытулкi, каб дапамагчы людзям выжыць...»
Я чытаў аб гэтым раней, але не ўяўляў сабе масштабаў праблемы ў знешне дабрабытнай краiне. Згодна афiцыйнай статыстыкi ў Польшчы налiчваецца каля 50 тысяч бяздомных, але Марэк Катаньскi яшчэ ў мiнулым годзе называў лiчбу – каля 300 тысяч. Гэта цэлы горад Гродна.
Цэнтр Маркот
На ўскрайку Варшавы знаходзiцца Цэнтр дапамогi блiжняму – Маркот. Такiх цэнтраў зараз iснуе 120 па ўсёй Польшчы. На варотах у Маркотах вiсяць два чорныя сцягi i партрэт Марка Катаньскага з чорнай стужкай. Гэта траўр па iм. Год назад ён загiнуў у аўтамабiльнай аварыi. Яму было 61 год.
У двары нешта незразумелае: будаўнiчыя матэрыялы, старая паломаная тэхнiка, нейкiя рэчы, непаштукатураныя будынкi – уражанне, быццам на пляцоўцы нейкага нашага СМУ. Праўда, кiдаецца ў вочы высокая статуя Хрыста з распасцёртымi рукамi, падобная да той, што ў Рыа дэ Жанэйра. – У гэтым прытулку жывуць i працуюць каля 400 чалавек – распавядае Пшэмыслаў Пшэбiцкi. Ён працягвае справу Марка i кажа, што 10 гадоў таму таксама патрапiў сюды, як бяздомны, страцiўшы падчас эканамiчных рэформаў дом, справу, сям’ю. Тады ён не здолеў выплацiць крэдытаў i папросту спiўся. Марэк падабраў яго на вакзале. Пшэмыслава называюць тут панам Тадэвушам, як героя класiчнага твора. Адчуваецца, што ён з добрым пачуццём гумару i глыбокiм веданнем той справы, якой, мабыць, прысвяцiў сваё жыццё.
Галоўнае нават не грошы...
Сярод тых, хто патрапiў у Цэнтр: алкаголiкi, наркаманы, старыя, нямоглыя, ад каго адмовiлiся блiзкiя, ёсць нават два ўкраiнца, у якiх скралi дакументы i яны не могуць дабрацца дадому. Усю гаспадарку вядуць самi. Устаюць у 5.30, снедаюць i за работу. На ўтрыманне Цэнтра дзяржава не дае нi гроша. На хлеб зарабляюць у хлебапякарнi, на будаўнiчыя матэрыялы – у будаўнiчых фiрмах i г.д. Нешта дапамагаюць фундатары. Па словах пана Тадэвуша, галоўнае не грошы, а магчымасць мабiлiзаваць людзей на работу, паколькi за час сваiх блуканняў яны практычна развучылiся працаваць. – Не кожны можа займацца з бяздомным – кажа пан Тадэвуш, – даць паесцi чалавеку не азначае змянiць яго жыццё. Гэта трэба ўмець зрабiць. За 10 гадоў сумеснай працы з Марэкам Катаньскiм пан Тадэвуш лiчыць сябе прафесарам у гэтай справе, хоць скончыў толькi ПТВ. Марэк быў псiхолагам i псiхатэрапеўтам, ён бачыў чалавека адразу наскрозь i ведаў, як сябе з iм паводзiць. А галоўным метадам вяртання людзей да нармальнага жыцця Марэк Катаньскi лiчыў выпрабаванне праз працу. У iх таксама жорсткая дысцыплiна. Калi хоць раз чалавека заўважаюць выпiўшым, ён павiнен пакiнуць прытулак. Увогуле, нельга чалавеку перашкаджаць жыць у канаве, ён павiнен сам вырашыць, што хоча жыць нармальна – кажа пан Тадэвуш. Строгая, але правераная жыццём фiласофiя. Тваё жыццё, i нiхто не можа пражыць яго за цябе – падсумоўвае пан Тадэвуш.
Грамадская думка ў Польшчы ў адносiнах да бяздомных даволi трывалая – гэтыя людзi атаясамлiваюцца з бруднымi, п’янымi, лiчыцца, што чалавек сам ва ўсiм вiнаваты. Але пан Тадэвуш не зусiм згодны з такiм падыходам. Прайшоўшы ўсё гэта сам, ён мае iншы погляд, адрозны ад грамадскага, але не хоча ўвязвацца ў дыскусiю з грамадскай думкай. – Трэба паросту быць чалавекам, – кажа пан Тадэвуш.
Шпiталь
Асаблiва ўразiў шпiталь Цэнтра. Цяпер тут 25 пацыентаў, зiмой – 34 месцы. Дзiўнае памяшканне, практычна нiдзе няма вокнаў. Людзi ляжаць на старых, нейкiх даваенных ложках. Бялiзна, вiдавочна, старая, у пакоях страшны смурод. Увесь персанал з бяздомных, нават урачы. Ходзiш, як па нейкiх катакомбах. У палатах, у асноўным, сталыя людзi. На iх сапраўды цяжка глядзець – быццам у нейкiм кiнафiльме пра ваенны час. Лекi даюць гуманiтарныя арганiзацыi. Але найбольш уразiла тое, што за нямоглымi наглядаюць у шпiталi наркаманы. Гэта невыпадкова. Лекi ляжаць незачыненымi. Часам гэта бываюць наркатычныя прэпараты. Доктар прыпiсвае iх хвораму, а раздаюць iх тыя, хто даглядае. Не было нiводнага выпадку, каб лекi знiклi. – Нешта падобнае, як у Макаранкi – смяецца пан Тадэвуш. I ўсё ж словы Катаньскага пасля ўбачаннага ўсплываюць iзноў: помнiка бяздомным проста няма. У адным з пакояў Цэнтра вiсiць вялiкi партрэт: Марэк Катаньскi дарыць Папе Рымскаму фiгурку бяздомнага.
Неяк нядаўна прачытаў, што мой любiмы ў юнацтве гiтарыст i лiдэр Pink Floyd Дэвiд Гiлмар прадаў свой лонданскi дом, а выручаныя 4,5 мiльёна фунтаў стэрлiнгаў вырашыў аддаць на патрэбы бяздомных. У Польшчы такiх выпадкаў не назiралася, а таму Цэнтр завiнавацiўся гмiне за гарачую ваду i электрычнасць больш 400 тысяч злотых, i гэта пытанне працягвае вiсець у паветры, паколькi яго няма каму вырашыць. Пан Тадэвуш лiчыць, што гэта павiнна зрабiць сама гмiна. Пакуль i гмiна гэтага не робiць. Дарэчы, Цэнтр дапамогi бяздомным у Польшчы, па словах пана Тадэвуша, лiчыцца самай вялiкай з такога кшталту арганiзацый у Еўропе, але свае праблемы вымушана вырашаць у асноўным сама. Грамадства хацела б не заўважаць падобных праблемаў.
Кожны год гэты прытулак у Варшаве пакiдае да 10 працэнтаў яго жыхароў – удаецца знайсцi сябе ў нармальным жыццi.
***
Пасля наведвання Цэнтра ў нашым аўтобусе зацарыла цiшыня. Адзiн украiнскi калега спынiў на выездзе аўтобус i пабег фатаграфаваць статую Хрыста. Павiнен быў атрымацца нядрэнны здымак: чорныя сцягi, партрэт Марэка Катаньскага, агароджа, i з-за яе ўзносiцца статуя Хрыста, такая ж, як у Рыа дэ Жанэйра.
Мiхаiл КАРНЕВIЧ
Матэрыял падрыхтаваны дзякуючы садзеянню
фонда iмя Стэфана Баторыя ў Варшаве.