Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 271 от 17.04.2003  

Музыка

Пад знакам С.Рахманінава

Сёлетняя вясна праходзiць пад знакам музыкi С.Рахманiнава. Канцэрт, прысвечаны 130-гадоваму юбiлею з дня нараджэння сусветна вядомага рускага кампазiтара, адбыўся ў канцэртнай зале Гродзенскай абласной фiлармонii. Музыказнаўца Святлана Калчанава знайшла не толькi глыбокiя i змястоўныя словы, а нават i адпаведны тэмбр голасу, каб расказаць пра беспрытульнасць кампазiтара ў свеце, паказаць адчуванне трагiчнага як дамiнанту музыкi Сяргея Васiльевiча Рахманiнава.

У канцэрце прагучалi творы кампазiтара ў выкананнi вучняў Гродзенскага музычнага вучылiшча Сяргея Палуянка, Анны Хадароўскай, Iрыны Фёдаравай. Сам кампазiтар (ён жа – выдатны пiянiст i дырыжор) лiчыў, што музыка не можа быць толькi фарбай i рытмам, яна павiнна адлюстроўваць рухi сэрца. А яны, гэтыя рухi сэрца, заўсёды розныя – зменлiвыя. Таму i музыка С.Рахманiнава ў выкананнi маладых музыкантаў гучала то парывiста-эмацыянальна, то сцiшана-трагiчна. Некалькi рамансаў кампазiтара прагучалi ў выкананнi салiсткi Гродзенскай капэлы Алены Балтрукевiч. У канцэрце прынялi ўдзел камерны жаночы хор Гродзенскага музычнага вучылiшча i камерны хор Гродзенскай капэлы, дырыжорам якiх з’яўляецца Ларыса Iконнiкава. У выкананнi апошняга прагучала «Усяночная» – вяршыня рускай харавой музыкi, написаная С.Рахманiнавым на мяжы ХIХ – ХХ стагоддзяў.

Назад