Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 271 от 17.04.2003  

«...І ўсё-такі Бетховен»

Канцэрт лаўрэата мiжнародных конкурсаў (1997 года – у Iталii, 1998 – у Iспанii) Аляксея Пятрова адбыўся ў гарадскiм Доме культуры. З 2002 года, пасля заканчэння магiстратуры, ён з’яўляецца салiстам Гродзенскай капэлы.

У выкананнi пiянiста прагучалi дзве санаты № 5 i № 7 Людвiга ван Бетховена. У скрыпiчнай санаце № 5, якая за свой iдылiчны змест атрымала назву «Вясновай», партыю скрыпкi выканала салiстка Гродзенскай капэлы Таццяна Сухоцкая. У выкананне 7-ай санаты Бетховена, у завяршэннi якой радасць перамагае сум i тугу, пiянiст уклаў усю сiлу свайго музычнага таленту. На пытанне пасля канцэрта, што яму блiжэй з таго, што выконвалася iм у сённяшняй праграме, Аляксей Пятроў адказаў: «Усё. Але ўсё-такi Бетховен.»

«Гумарэска» Р.Шумана i паланэз «Фантазiя» Ф.Шапэна, вiртуозна выкананыя пiянiстам у другiм аддзяленнi канцэрта, спрыялi таму, што слухачы доўга не хацелi адпускаць свайго ўлюбёнца. Аляксею Пятрову прыйшлося выканаць «на бiс» Вальс Ф.Шапэна, Мазурку А.Скрабiна i Iнтэрмецца I.Брамса.

Канцэрт вяла музыказнаўца Людмiла Мажэйка, якая ўжо некалькi гадоў выступае з Гродзенскай капэлай.

Ала Нiкiпорчык

Назад