Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 273 от 01.05.2003  

ВЕРНІСАЖ

Намаляваная гісторыя

Непадражальная выстава гродзенскага мастака Дзмiтрыя Iваноўскага аб гiсторыi Вялiкага княства Лiтоўскага адкрылася напачатку тыдня ў галерыi Тызенгаўза. Зачараваны ёю гiсторык Вiталiй Швед прапанаваў маэстру напiсаць серыю карцiн аб сучасных падзеях, пры гэтым падкрэслiўшы, што iх не трэба будзе нават апiсваць. Другi гiсторык, Алесь Краўцэвiч, якi займаецца вывучэннем ВКЛ, папрасiў дазволу мастака выкарыстаць ягоныя карцiны ў якасцi iлюстрацый да сваёй кнiгi.

Партрэты князёў ВКЛ, гiстарычныя падзеi, адлюстраваныя на вялiкiх палотнах, уражваюць не толькi веданнем гiсторыi, выхаванай патрыятычнасцю мастака, але i напоўненымi фарбамi, разуменнем атмасферы ХIII-ХVI стагоддзяў. Як зазначыла адна з мастацтвазнаўцаў падчас адкрыцця выставы, яе не толькi цiкава глядзець, але прыемна знаходзiцца сярод гэтых карцiн, паколькi яны нясуць у сабе не толькi пазнавальнае, але i маральнае задавальненне.

Незвычайна шмат на адкрыццi было школьнiкаў. Уважлiва разглядаючы карцiны, казалi, што вучацца ў мастацкай школе, але з зайздрасцю прызнавалiся, што нечага падобнага пакуль у iх не атрымлiваецца.

Сам маэстра сцiпла паведамiў, што гэта ягоная 38 выстава, i распавядаў, як адна жанчына хацела купiць у яго партрэт Гедымiна, сказаўшы, што ён падобны на яе бацьку. Як высветлiлася, яе бацьку завуць таксама Гедымiн, i яе сям’я падарыла аднаму з лiтоўскiх музеяў персцёнак, якi належаў сапраўды князю Гедымiну.

Падчас адкрыцця выставы ў галерэi Тызенгаўза прыемна гучала сярэднявечная музыка. Гэта была гiтара Уладзiмiра Захарава.

Сапраўды, прыемныя ўражаннi.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ

Назад