Лісты пісьменніка, надрукаваныя ў газеце
На мiнулым тыднi адбылася прэзентацыя новай кнiгi Сяргея Астраўцова «Лiсты да хома саветыкуса». Ён – сябра Саюза пiсьменнiкаў i Пэн-цэнтра. Пiша прозу, больш за 10 гадоў друкуецца ў незалежнай прэсе. У кнiгу ўвайшлi пераважна публiцыстычныя тэксты 1991-2002 гадоў з газет «Наша Нiва», «Пагоня», «Свабода» ды iншых. Гэта трэцяя кнiга Астраўцова. Першымi былi «Янычары» (1993) i «Цэнзарскiя нажнiцы» (2000).
Газетныя публiкацыi, змешчаныя ў кнiзе, сталi своеасаблiвай хронiкай постсавецкага жыцця беларускай краiны. Большасць з iх расказвае пра падзеi пачатку 90-х гадоў. Нечаканая незалежнасць, змена герба i сцяга, беларуская прысяга ў войску, прыезд Клiнтана ў 1994 (цi можна зараз уявiць, што Мiнск наведае Буш?). «Адметнасць кнiгi ў тым, што агульнабеларускiя падзеi паказаны праз гродзенскiя «акуляры», – пiша сам аўтар. Ён змясцiў у кнiзе вялiкую колькасць тэкстаў з газеты «Пагоня», якую рэдагаваў на самым пачатку – да лiстапада 1993 года.
Летась споўнiлася 100 гадоў з дня выхаду першага нумара газеты «Свабода», якая была адноўлена ў 1990. У эсэ «Як я шукаў «Свабоду» С.Астраўцоў распавядае пра тое, як рыхтаваў дыпломную працу пры заканчэннi факультэта журналiстыкi. Нешматлiкiя крынiцы ўтрымлiвалi даволi супярэчлiвыя звесткi наконт даты выдання «Свабоды», а паасобнiкаў газеты ўвогуле нiхто не бачыў: «... у мяне не было ўпэўненасцi, а цi не легенда, не прыдумка – гэтая першая беларуская газэта?». Даволi працяглы час Астраўцоў быў адзiным карэспандэнтам адноўленай «Свабоды». Таму газета атрымлiвалася мiнска-гродзенскай паводле зместу. «Свабоду» закрылi. Два разы яна аднаўлялася пад шыльдай «Навiны» i «Наша Свабода». Сёння няма i гэтых газет.
Прафесар Гродзенскага унiверсiтэта Аляксей Пяткевiч назваў «Лiсты да хома саветыкуса» кнiгай пiсьменнiка, а не журналiста. Узяты эпiграф з нарвежскага пiсьменнiка Юхана Боргэна «Мы абкружаны газэтамi, замураваны ў iх» адлюстроўвае спецыфiку творчага жыцця пiсьменнiка, якi займаецца адначасова журналiстыкай. Штодзённы канвейер навiнаў з аднымi i тымi ж словамi, знаёмымi падзеямi, прозвiшчамi, тварамi. Пiсьменнiк шукае новыя словы замест газетных клiшэ i штампаў. Атрымлiваюцца публiкацыi, створаныя на мяжы лiтаратуры i журналiстыкi. Можа, iснуе небяспека, што пiсьменнiк размяняе свой талент на журналiсцкiя тэксты? Калi так, значыцца пiсьменнiку не было чаго сказаць, лiчыць Боргэн.
А.Пяткевiч адзначыў жанравую разнастайнасць твораў, якiя ўвайшлi ў «Лiсты да хома саветыкуса», сказаўшы, што некаторыя з iх створаны на сумежжы жанраў. Здавалася б, кнiгу журналiсцкiх зацемак нельга параўнаць па значнасцi з празаiчнымi творамi. «У савецкiя часы не было прынята друкаваць дзённiкавыя запiсы пры жыццi пiсьменнiка, – сказаў А.Пяткевiч. – Але калi Адам Глобус i iншыя пачалi друкаваць свае зацемкi, аказалася, што чытаць гэта сапраўды цiкава».
Т.БазылевIЧ
|