Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 274 от 08.05.2003  

Жыццё і смерць Рамана Скірмунта

(паводле вусных успамiнаў жыхароў Пiншчыны)

7 траўня спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння вядомага палiтычнага дзеяча першай паловы мiнулага стагоддзя Рамана Скiрмунта. Ён быў унiкальнай асобай нашай беларускай гiсторыi. У 1906 г. быў абраны дэпутатам I Дзяржаўнай думы Расiйскай iмперыi ад Мiнскай губ. Праз тры гады перамог на выбарах у Дзяржаўную раду. У 1917-1918 г. актыўна працаваў у беларускiм нацыянальным руху. Менавiта Р.Скiрмунт узначалiў беларускую дэлегацыю, якая ўвесну 1917 г. вяла перамовы з Часовым урадам Расiйскай Рэспублiкi пра аўтаномiю Беларусi. У траўнi 1918 г. ён стаў на чале ўраду Беларускай Народнай Рэспублiкi i змагаўся за незалежнасць першай беларускай дзяржавы ў ХХ ст. У 1930 г. увайшоў у Сенат II Рэчы Паспалiтай, спадзяючыся змянiць тую ганебную палiтыку асiмiляцыi, якую праводзiлi польскiя ўлады ў адносiнах да беларускага насельнiцтва. У кастрычнiку 1939 г. Р.Скiрмунт быў забiты недалёка ад вёскi Парэчча Пiнскага павету.

Гэты артыкул заснаваны на ўспамiнах жыхароў Пiншчыны, якiя захавалi памяць пра чалавека, якi мог быць першым прэзiдэнтам незалежнай Беларусi.

Ягонае жыццё ў мiжваенны час прыцягвала да сябе вялiкую ўвагу мясцовых сялянаў, а трагiчная смерць у кастрычнiку 1939 г. стала падзеяй, якая моцна ўразiла практычна ўсiх. Многiя i сёння без хвалявання не могуць распавядаць пра ягонае забойства.

Добры пан

Амаль усе суразмоўцы згадвалi Рамана Скiрмунта вельмi добра. Распавядалi, што «пан» сам шмат фiзiчна працаваў. Сяляне бачылi, як уладальнiк маёнтка пiлаваў крывыя дрэвы, абразаў або абрубаў сухiя галiны дрэваў у лесе i ў парку: «Памешчык кожны дзень на работу выязджаў. У яго быў тапорык, пiлачка была. Ён працаваў, не то што якiя...» (Х.Лукашык, 1922 г. нар.).

Парк з’яўляўся прадметам асаблiвай увагi Рамана Аляксандравiча, якi сам заснаваў яго яшчэ на пачатку XX ст. Гэта быў парк у англiйскiм стылi, якi не меў дакладна пазначаных межаў i стаўся неад’емнай часткай навакольнага ландшафту. Яго перасякалi каналы з перакiнутымi праз iх i выгнутымi ў дугу мосцiкамi. Тут былi пасаджаныя дубы, трохi ясеней, клёнаў i вязаў, раслi шматлiкiя экзатычныя вiды, як, напрыклад, цюлiпанавае дрэва.

Адначасна парк быў месцам добрага заробку для парэчан. Працавалi пераважна па ўпарадкаванню (чысцiлi сцяжынкi, рубiлi сухастой ды iнш.). Зараблялi 1 злоты ў дзень (Павел Рак, 1917 г.н.).

Паводле аповядаў, да сялян Раман Аляксандравiч ставiўся вельмi добра. Павел Рак: «Скiрмунт заўсёды дапамагаў людзям». Рыгор Цудзiла: «Харошы быў чалавек. Я яго цалую ў руку, а ён мяне – у галаву». Мiкалай Куцко: «Скiрмунт быў добры чалавек. Ён пахаваў у сваiм маёнтку пляменнiка Генрыка. Той быў самагубцам з-за дзяўчыны, а моладаўскi Генрык Скiрмунт прыдуркаваты – не дазволiў хаваць у Моладаве». Людзi згадвалi, што часта вiтаўся першым, аказваў дапамогу асаблiва для будаўнiцтва, дазваляў касiць траву («даваў сенакос»), рабiў падарункi на святы, «пагэтаму людзям вельмi падабалася ў яго працаваць, i яны нiколi ад яго не ўходзiлi» (Марыя Нiкалайчык, 1920 г.нар.).

«Трапiць да пана Скiрмунта было проста, – распавядаў Рыгор Цярэшка (1932 г.н.). – Пастукаемся i зойдзем. Не тое, што зараз. Не дабрацца да якога прэдседацеля. А тады: «Паночку, так i так, дзело ёсць». I ён дапамагаў. Ён в последнее время цi што чустваваў, але хацеў раздацi мужыкам зямлю. Аказваецца, не дала яму гэта зрабiць новая ўлада». Версiю пра зямлю падцвердзiла Анастасiя Вакульчык, якая мiж iншым распавяла, што напрыканцы 30-х г. Раман Скiрмунт пачаў надзяляць сялян зямлёй. Часта гэта рабiлася, як вясельны падарунак «маладым».

Гаварыў па-беларуску

Старэйшае пакаленне парэчан перакананае, што Р.Скiрмунт збiраўся ўсю сваю зямлю аддаць сялянам, i за гэта яго моцна не любiлi ў Варшаве. Павел Клiмовiч: «У Варшаве яго хацелi забiць, бо раздаваў зямлю сялянам». Яўгенiя Цудзiла заявiла, што Скiрмунта ў Сенаце хацелi скiнуць з балкона за тое, што збiраўся раздаць зямлю сялянам. Дарэчы, пра сенатарства Р.Скiрмунта ведалi ўсе. Хведар Хвiсюк: «Ён быў сенатар, але не за грошы, а проста так, бо разумны».

Усе суразмоўцы адзначалi, што Раман Скiрмунт размаўляў з сялянамi па-беларуску: «Па-нашаму» (Вольга Чугай, 1910 г.нар.); «Па-простаму»; (А.Вакульчык); «Гаварыў па-простаму более-менее, трошкi па-польску, як пан» (Р.Цярэшка); «Па-мужыцку» (М.Куцко).

Людзi распавядалi, што Р.Скiрмунт рэгулярна хадзiў да касцёлу. Быў працiўнiкам перамены веравызнання. У прысутнасцi Паўла Клiмовiча асудзiў пераход з праваслаўя ў каталiцызм, заявiўшы: «Якiм нарадзiўся, такiм i памiрай». Павел Рак згадаў, як Скiрмунт абазваў «дураком» рабочага, якi перайшоў у каталiцызм.

Пра асабiстае жыццё

Адной з найбольш цiкавых знаходак былi звесткi пра асабiстае жыццё Р.Скiрмунта. Як вядома, ён не ажанiўся i не меў дзяцей ад шлюбу. Але каханне, безумоўна, было ў ягоным жыццi. Размовы з жыхарамi Парэчча дазваляюць казаць, што на працягу доўгага часу значнае месца ў жыццi вядомага палiтыка i грамадскага дзеяча займала Кацярына Цярэшка (Цярэшчанка?): «Баба красiвая была. Самы гады такi пад яго... То засакрэчана любоў» (Марыя Кучыньская, 1919 г. нар.). Муж Кацярыны памёр у 1915 г.

У 20-я г. удава ўжо пастаянна жыла ў маёнтку. Людзi распавядалi пра чатырох сыноў Кацярыны – Аляксандра (Олеся), Рамана, Уладыслава i Пятра (Петруся). У вёсцы казалi, што гэта сыны Рамана Скiрмунта. Мiкалай Куцко (1911 г. нар.) на пытанне, чаму ён так лiчыць, адказаў проста: «Падобныя, як партрэты».

Лёс сыноў Кацярыны Цярэшкi склаўся па-рознаму. Олесь памёр яшчэ ў 30-я г. Раман быў арыштаваны НКВД у 1939 г. i загiнуў у Сiбiры. Яго нiбыта перавозiлi ў баржы на Сахалiн, ды i затапiлi тую баржу разам з людзьмi (Рыгор Цярэшка). Петрусь у час вайны служыў у палiцыi. Адступiў разам з немцамi. Потым у Польшчы быў арыштаваны i вывезены ў Сiбiр. Магчыма, застаўся жыць у Расеi.

Мы здолелi натрапiць на след пэўнага «легендарнага эпосу», звязанага з асобай уладальнiка Парэцкага маёнтку. Людзi распавядалi, што Р.Скiрмунт мог спынiць пажар: «У Чамярыне гарэла хата. Ён пажар абег, i ўсё... Пажар далей не пойдзе. Ахвяраў няма. А што ён знаў, я не знаю» (Х.Лукашык); «Калi адбываўся пажар, то Скiрмунт сам выязджаў туды. Заўсёды абыходзiў пажарышча, i агонь далей не iшоў.

Не абаронены абаронца

Апошнюю паслугу жыхарам Парэчча Р.Скiрмунт аказаў у вераснi 1939 г., калi ўжо iшла вайна. Людзi распавядалi, што група парэчскiх мужыкоў, калi ўбачыла здаля бранiраваны цягнiк з салдатамi, пайшла iх сустракаць з чырвоным сцягам. Але аказалася, што гэта быў польскi атрад, якi распачаў стральбу па «ветлiвых» гаспадарах. Мужыкi разбеглiся. Некалькi чалавек было паранена. Расправы з вёскай не дапусцiў Раман Скiрмунт, якi пераканаў камандзiра атрада, што парэчскiя мужыкi такога зрабiць не маглi: «Не трогайце парiччан!» (М.Кучыньска); «Кажа: Гэта маi людзi. Онi гэтаго не рабiлi» (А.Вакульчык).

Праз некалькi дзён прыйшла Савецкая ўлада. Раман Скiрмунт разам з мужам сястры Алены Баляславам Скiрмунтам быў арыштаваны. Дапамогi ад людзей ён не дачакаўся. На пытанне, чаму ж Раман Скiрмунт не з’ехаў, Марыя Кучыньская адказала: «Быў пэўны на свой народ, бо вiн яго не обiжаў. Ён мог уцячы, але думаў, што прыйдуць Саветы i разбяруцца». Яна ж распавяла, як паводзiў сябе Раман Аляксандравiч пасля арышту: «Ён хацеў так: Я ведаю, што ўжо не памешчык, такi ж рабочы, як i ўсе. Я буду рабiцi, але трэба, каб прыйшло начальства... Ну, iдзiце, забiрайце ўсё маё багацце. Но работайце. А я пасматру, як вы будзеце рабiць. Маладнякi шчэ ж вы, нiц не знаеце». Спадзяванне Рамана Скiрмунта на з’яўленне высокага начальства, ягоныя надзеi на размову з гэтым начальствам пацвярдзiлi i iншыя суразмоўцы. Але гэтага спаткання не адбылося. «Начальства» (камiсары Холадаў, Кавалёў i Маскалёў) сапраўды з’явiлiся, але сустракацца з Р.Скiрмунтам i не збiралiся. Падобна на тое, што менавiта яны (часцей суразмоўцы згадвалi Холадава) i загадалi забiць уладальнiка маёнтка (Хведар Хвiсюк, 1920 г.нар., А.Вакульчык).

I нашто забiлi пана

Забойству папярэднiчаў агульны сход. Пра яго распавёў М.Куцко: «У 39 г. Саветы сабралi суд: Што будзем рабiць са Скiрмунтам? Некаторыя вяскоўцы казалi, няхай ён iдзе да сваiх лакеяў на калонiю i няхай яны яго кормяць. Другiя казалi, што трэба выдзялiць яму пакой у палацы. Няхай там i жыве. Нiхто не хацеў забiваць. Тады выступiў камiсар Холадаў:

– Вы не знаете, что такое помещик, а мы знаем. Он и конюхом работать может, но возьмёт хлев закроет, падпалит, телёнка на плечи, бежит и кричит «Спасайте!». По-моему, таким, как Скирмунт, не должно быть места на земле».

Сярод парэчан знайшлiся людзi, якiя выканалi злачынны загад. Суразмоўцы асуджалi iх: «А мiж людзьмi ўсякi ёсць. Е падхалiмы такi» (Р.Цярэшка)»; «Людзi, што забiлi Скiрмунта, былi гулякамi, любiлi выпiць, пагуляць» (Х.Хвiсюк) . Калi Рамана i Баляслава Скiрмунтаў вялi на смерць, нехта з парэчан паспрабаваў заступiцца: «Што вы робiце? Куды вы яго вядзеце?» I пачуў у адказ: «Маўчы, бо i табе гэта будзе шчэ!» (А.Вакульчык). Марыя Нiкалайчык згадала, што калi Р.Скiрмунта вялi забiваць, то мясцовыя жыхары плакалi, а «пан» казаў: «Я з вамi развiтваюся назаўсёды. Спадзяюся, што нiкому не зрабiў кепскага». У адказ на пытанне, чаму ж вы не абаранiлi чалавека, людзi разводзiлi рукамi i адказвалi прыблiзна так: «А як жа абаронiш? Нiчога не зробiш!» (М.Кучыньская).

Кажуць, што перад смерцю Раману Скiрмунту загадалi адвярнуцца ад забойцаў. Ён адмовiўся: «Я ад людзей адварочвацца не буду». I, быццам бы, дадаў: «Я б вам не саветаваў гэта рабiць, бо вы маладыя. Я ўжо аджыў свае гады». У аднаго з забойцаў (Ткачук) нават ружжо з рук выпала (А.Вакульчык). Але камiсарскi загад быў выкананы. Адным з выканаўцаў быў Лукашык (прозвiшча «Салавей»). Пасля забойства ён зняў з рукi Р.Скiрмунта залаты гадзiннiк i доўга насiў яго.

I толькi пасля смерцi Р.Скiрмунта людзi адчулi страту: «I нашто забiлi пана? Нашто? Ён бы прэдседацелем быў бы ў нас. Ён быў звязаны з Масквой, з усiмi. Прыйдзеш да яго, няма ў цябе чаго, што папросiш – дасць. Ён не адказваў. Жэнiшся – i поля троху ўрэжа» (М.Кучыньская). Паводле Р.Цудзiлы, людзi плакалi, калi даведалiся пра забойства.

Пазней, ужо ў часы нямецкай акупацыi прах Рамана i Баляслава Скiрмунтаў быў перазахаваны. З месца забойства (г.зв. «Коранеўскi лес») целы забiтых перавезлi ў парэчскi парк, дзе i пахавалi: «Было ўрачыстае пахаванне, але людзi баялiся выходзiць з дому. Глядзелi праз акенца. Ужо потым усе хадзiлi да магiлы» (М.Кучыньская).

Подых з усходу

У 1939 г. распачалiся таксама рабункi скiрмунтаўскiх маёнткаў. У Моладаве, апроч палацу, разрабавалi родавыя могiлкi. Н.Шаталава згадала, што гэта рабiлi не мясцовыя жыхары, а зняволеныя, якiх прывезлi з усходу Беларусi дзеля будаўнiцтва ваеннага аэрадрома. Па яе словах, менавiта яны разбiвалi помнiкi, раскопвалi магiлы, шукаючы «скарбы». Пасля вайны гэтую справу працягваў дырэктар мясцовай школы: «А пасля наш дырэктар. Ён некi тожэ быў прыдурак. Разам з вучнямi выкапалi маладую жанчыну ды каля касцёла паставiлi. Ды я нават хадзiла, сварылася... То яе назад потым паклалi» (Н.Шаталава).

Пасля рабунку ў Моладаўскiм палацы зрабiлi калгасную сядзiбу, а ў касцёле – краму. Канчаткова i Моладаўскi i Парэчскi палацы былi зруйнаваныя падчас ваенных дзеянняў савецка-германскай вайны. Прычым, у 1943 г. партызаны ў Парэччы забiлi апошнюю ўладальнiцу маёнтку – сястру Рамана Алену Скiрмунт.

Сумнае ўражанне

Напачатку 90-х г. магiлы Рамана, Баляслава i Алены Скiрмунтаў былi адноўлены. Галоўным iнiцыятарам быў пiнскi журналiст Вячаслаў Iльянкоў. Падчас першай экспедыцыi пад кiраўнiцтвам прафесара Анатоля Федарука (Мiнск) мы паспрабавалi ўласнымi сiламi аднавiць зруйнаваныя родавыя могiлкi Скiрмунтаў у Моладаве. Праца была даволi цяжкая. Цiкавасць да нашых намаганняў праявiлi пераважна мясцовыя бабулькi. Прыходзiлi, сядалi, глядзелi, як мы працуем, i цяжка ўздыхалi.

Дотык да гэтых трагiчных старонак нашай гiсторыi пакiнуў сумнае ўражанне. Мiж волi думалася пра тое, што сваiмi ўласнымi рукамi беларусы вынiшчалi будучыню сваёй зямлi. Забiты Раман Скiрмунт мог бы стаць першым прэзiдэнтам Беларусi. Упэўнены, што за яго дзеяннi нам бы нiколi не было сорамна. Марыя Кучыньская на пытанне, цi мог бы Раман Скiрмунт быць прэзiдэнтам, упэўнена адказала: «Мог бы. Вопытны дзядзька быў...»

Алесь СмалЯнЧук

(Гародня)

Назад