Непрызнаная. І забытая
У гады вялiкай Айчыннай вайны ў Навагрудку дзейнiчала патрыятычная «Група мсцiўцаў».
Узначальваў яе былы падпольшчык, прысланы з-за лiнii фронту, Павел Адынец, яго намеснiкам быў вядомы беларускi пiсьменнiк Валянцiн Таўлай. Але справы ўдзельнiкаў супрацiўлення замоўчвалiся. Гэта выклiкала ў грамадскасцi непаразуменне, i нават скаргi. Калi краiна рыхтавалася адзначыць 30-годдзе Перамогi, у Гродзенскi абкам партыi звярнуўся В.Рожка з просьбай афiцыйна прызнаць антыфашысцкую групу. Пазней, у жнiўнi 1975 года, справу разгледзела бюро Навагрудскага райкома КПБ. Аднак станоўчага рашэння па гэтаму пытанню так i не было прынята. Партыйныя функцыянеры, вiдаць, сумнявалiся ў патрыятычнасцi арганiзацыi. Нябожчыку В.Таўлаю сыпалiся папрокi за тое, што ён служыў у Ваўковiчах, як солтыс, а пра яго дапамогу партызанскiм разведчыкам раптам забылiся...
Зараз краiна рыхтуецца да чарговага юбiлею вызвалення Беларусi. Добрыя людзi iзноў прыгадалi несправядлiвыя адносiны былых уладаў да «Групы мсцiўцаў». Яны хочуць спадзявацца, што арганiзацыя патрыётаў будзе прызнана афiцыйна i зойме годнае месца ў летапiсе Навагрудчыны.
А.ЖАЛКОЎСКI
|