Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 276 от 22.05.2003  

СУДОВАЯ СПРАВА

10000 долараў – на сметнік, і справы няма

Сёння ў абласным судзе Гродна адбудзецца разгляд справы па зыску абласнога ўпраўлення юстыцыi аб лiквiдацыi грамадскага аб’яднання «Ратуша». Працэс будзе весцi суддзя Аляксандр Калеснiк.

Дзiўная рэч атрымлiваецца з працэсам «Ратушы».

27 мая ў Ленiнскiм судзе Гродна павiнна адбыцца судовае паседжанне па разгляду зыска старшынi гродзенскага грамадскага аб’яднання «Ратуша» Аляксандра Мiлiнкевiча да адмiнiстрацыйнай камiсii Ленiнскага раёна Гродна.

Нагадаю, што спадар Мiлiнкевiч аспрэчвае рашэнне камiсii, якая наклала на яго штраф за парушэнне «Ратушай» парадку захоўвання палiграфiчнага абсталявання – рызографа. Менавiта на гэтай падставе ўпраўленне юстыцыi падала пазоў у абласны суд, накiраваны на лiквiдацыю аб’яднання, спасылаючыся на тое, што гэта было другое на працягу года парушэнне заканадаўства РБ.

Аляксандр Мiлiнкевiч зазначае, што паводле Закону адмiнiстрацыйная камiсiя павiнна была адкласцi разгляд справы. Менавiта таму, што ён не ведаў пра маючае адбыцца паседжанне. Паведамленне яму прыслалi на некалькi дзён пазней, як адбылося паседжанне камiсii.

У выпадку, калi суд адменiць рашэнне адмiнiстрацыйнай камiсii, гэта будзе азначаць, што знiкнуць фармальныя юрыдычныя падставы для лiквiдацыi «Ратушы». Аднак, не тут-та было, абласны суд пройдзе раней, i калi па яго рашэнню «Ратушу» ужо зачыняць, то справа ў раённым судзе стане папросту неактуальнай.

I яшчэ адна цiкавая акалiчнасць. У мiнулым нумары «БI» паведамляла, што пасля таго, як «Ратуша» не здолела атрымаць лiцэнзiю на палiграфiчную дзейнасць, кошт якой складае прыкладна паўтары тысячы долараў, было прынята рашэнне перадаць рызограф бясплатна гродзенскаму дзяржаўнаму ўнiверсiтэту iмя Я.Купалы. Аднак адтуль прыйшоў адказ, што ўзяць не могуць, паколькi не стае сродкаў на абслугоўванне.

Выходзiць, што палiграфiчнае абсталяванне коштам прыкладна ў 10 тысяч долараў застаецца выставiць дзе-небудзь на сметнiк. Глядзiш, i справы нiякай не будзе.

М.МIКАЛАЙЧЫК

Назад