Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 276 от 22.05.2003  

Кабинет графики

У мiнулую сераду гродзенскi графiк Юры Якавенка прадставiў гараджанам сваю калекцыю экслiбрысаў. Ён з’яўляецца калекцыянерам гэтых твораў малой графiкi i раз на год арганiзуе падобную выставу. Паглядзець на экслiбрысы можна ў выставачнай зале Саюза мастакоў на вулiцы Ажэшкi. Гэта пятая па лiку выстава такога кшталту ў Гродне. Геаграфiя твораў, сабраных Якавенкам, вельмi шырокая: Аўстрыя, Балгарыя, Беларусь, Германiя, Iзраiль, Iталiя, Сербiя, Славакiя, Украiна, Чэхiя, Эстонiя. Усяго каля 50 работ. У наступным годзе плануецца выстава балгарскай графiкi.

Экслiбрыс (кнiжны знак) – гэта невялiкi кавалачак паперы, якi ўладальнiкi бiблiятэк наклейваюць на кнiгу. Ён змяшчае iмя i прозвiшча ўладальнiка, а таксама малюнак, якi вобразна перадае ягоны характар. Радзiмай экслiбрыса лiчаць Германiю, дзе ўпершыню пачалi друкаваць кнiгi. Асаблiвую папулярнасць кнiжныя знакi набылi ў XVI стагоддзi. Выразаныя на дрэве або вытраўленыя на метале, яны часта наблiжалiся да мiнiяцюрных шэдэўраў мастацтва. Экслiбрысам займалiся Альбрэхт Дзюрэр, Лукас Кранах, Ганс Гальбэйн i iншыя. Адным з лепшых кнiжных знакаў Дзюрэра (а стварыў ён каля 20) лiчыцца экслiбрыс 1525 года для Гектара Помэра, настаяцеля касцёла з Нюрнберга.

На кнiжных знаках, якiя спачатку аздаблялi гербамi, пачалi з’яўляцца партрэты ўласнiкаў бiблiятэк, абрысы кляштараў, фiгуры антычных багоў, выявы кнiжных шафаў або палiц. Былi таксама суперэкслiбрысы – звычайна гербы або вензелi, выцiснутыя золатам на скураной вокладцы. На Беларусi першыя кнiжныя знакi з’яўляюцца у зборах Радзiвiлаў i Сапегаў (XVII стагоддзе).

ХIХ стагоддзе пазбавiла экслiбрысы характэрнага пафасу i наблiзiла iх да звычайнай этыкеткi. Яшчэ даволi папулярныя тады гербавыя знакi наблiжаюцца да схематычных малюнкаў. Часта замест герба ставяць звычайны надпiс. Нарэшце, наклейку замяняюць адбiткам штампа. На пачатку ХХ стагоддзя ўзрастае папулярнасць экслiбрыса, якi ператвараецца ў самастойную мастацкую кампазiцыю. Надзвычай паспрыяла гэтаму мода на калекцыянаванне. Сёння экслiбрыс страцiў сваё першапачатковае прызначэнне кнiжнага знака i ператварыўся ў твор мастацтва малой графiкi. Яго адметная рыса – глыбокi сiмвалiчны змест, увасоблены ў дэкаратыўную форму. I ўсё гэта – на маленькiм аркушы паперы. Праўда зараз, па словах Ю.Якавенкi, ёсць тэндэнцыя да павелiчэння фармату экслiбрыса. Памеру 13 сантыметраў з большага боку прытрымлiваюцца ў асноўным бельгiйцы ды iтальянцы.

Ю.Якавенка кантактуе са збiральнiкамi экслiбрыса з усёй Еўропы. Там iснуюць секцыi аматараў, ладзяцца выставы, выдаюцца спецыялiзаваныя часопiсы. Нядаўна ён быў на сустрэчы клуба калекцыянераў у Германii. На падобных сходах аматары i графiкi абменьваюцца творамi. Паколькi праблем з пераездам мяжы ў Еўропе не iснуе, да нямецкага клуба належаць бельгiйцы, галандцы, iтальянцы, швейцарцы.

Некаторыя маладыя беларускiя мастакi актыўна ўдзельнiчаюць у замежных выставах. У Беларусi графiку купляюць кепска. А вось на Захадзе гэта справа папулярная. «Жывапiс i скульптура там каштуюць шалёных грошай, – гаворыць Ю.Якавенка. – Графiка таксама дарагая, але яе людзi ўсё ж такi могуць сабе дазволiць». Праўда, нашы мастакi вымушаны плацiць за перавоз уласных работ праз беларускую мяжу. У Еўропе ж прынята канвецыя, паводле якой творы сучаснага мастацтва ўвозяцца i вывозяцца бяспошлiнна.

У еўрапейскiх краiнах традыцыйна праводзяцца бiенале графiкi вялiкiх i малых формаў. Грошы на гэта дае мясцовая адмiнiстрацыя. Ладзяцца конкурсы з прызамi. Узнагароджаныя работы адыходзяць ва ўласнасць горада, папаўняючы мунiцыпальныя калекцыi. Выдаюцца каталогi, якiя высылаюць у музеi, бiблiятэкi, а таксама калекцыянерам. У Беларусi не iснуе анiводнага конкурса графiкi, нават нацыянальнага ўзроўню, не кажучы ўжо пра мiжнародны. Ю.Якавенка вырашыў запоўнiць гэты прабел сваёй выставай. «Я не ў стане наладзiць конкурс з прызамi, аплацiць мастакам праезд, наняць журы, атрымаць мiжнародныя пасылкi, з-за якiх даводзiцца кантактаваць з падаткавымi органамi. Але я не бегаю па кабiнетах i не прашу грошай. Проста не маю на гэта часу».

Пры еўрапейскiх музеях ёсць так званыя кабiнеты графiкi, дзе творы сусветнай графiкi або iх копii можна атрымаць па фармулярах – як кнiгi ў чытальнай зале. Такi кабiнет можна стварыць i ў Гродне. «Мы сталi б пачынальнiкамi гэтай справы ў Беларусi, – гаворыць Якавенка. – Я мог бы бязвыплатна перадаць гораду сваю калекцыю. Зразумела, што ўлады павiнны вылучыць грошы на памяшканне, абсталяванне, заробак спецыялiстаў. Калi гораду гэта не патрэбна – я буду далей збiраць сваю калекцыю, каб перадаць сваiм дзецям. Гэта ж сапраўдны капiтал».

I.АСТРАЎЦОВА

Назад