Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 277 от 29.05.2003  

Працэсу перашкодзіла хвароба

Судовы працэс па скарзе старшынi гродзенскага грамадскага аб’яднання «Ратуша» Аляксандра Мiлiнкевiча да адмiнiстрацыйнай камiсii Ленiнскага раёна не адбыўся ў мiнулы аўторак. Сакратар адмiнiстрацыйнай камiссii спадарыня Юрэчка патрапiла з дзiцём у бальнiцу з падазрэннем на менiнгiт. Аб гэтым аб’явiў суддзя Пракопiк.

Нагадаю, што спадар Мiлiнкевiч аспрэчвае рашэнне камiсii, якая наклала на яго штраф за парушэнне «Ратушай» парадку захоўвання палiграфiчнага абсталявання – рызографа. Менавiта на гэтай падставе ўпраўленне юстыцыi падала зыск у абласны суд, накiраваны на лiквiдацыю аб’яднання, спасылаючыся на тое, што гэта было другое на працягу года парушэнне заканадаўства РБ.

Аляксандар Мiлiнкевiч зазначае, што паводле Закону адмiнiстрацыйная камiсiя павiнна была адкласцi разгляд справы. Менавiта таму, што ён не ведаў пра маючае адбыцца паседжанне. Паведамленне яму прыслалi на некалькi дзён пазней, як адбылося паседжанне камiсii.

У абласным судзе Гродна на мiнулым тыднi быў прыпынены працэс па зыску абласнога ўпраўлення юстыцыi аб лiквiдацыi грамадскага аб’яднання «Ратуша». Аднак толькi да моманту, пакуль не ўступiць у сiлу рашэнне Ленiнскага суда Гродна. Як зазначыў суддзя Пракопiк, якi ў аўторак павiнен быў разглядаць справу, судовы разгляд справы можна было б распачаць i без прысутнасцi сакратара камiсii, але ў суд не данеслi справу. Дата чарговага паседжання пакуль не прызначана.

I яшчэ. У пазамiнулым нумары «БI» паведамляла аб тым, што спадар Мiлiнкевiч атрымаў лiст з пагрозай ад РНЕ. Насамрэч iнфармацыя аказалася памылковай. А.Мiлiнкевiчу пагражала нейкая iншая арганiзацыя – «гродненское отделение Русского национального Союза». Прабачаюся за памылку.

М.МIКАЛАЙЧЫК

Назад