Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 277 от 29.05.2003  

Наведайце Гудзевічы: адзін з цікавейшых музеяў Беларусі

Прыйшла вясна, час турыстычных паходаў ды экскурсiяў. Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што ўсе дарогi вядуць у Гудзевiчы, бо менавiта тут перакрыжоўваюцца шляхi з Аўстралii i Польшчы, Лiтвы ды Расii, Нямеччыны i Украiны, Швейцарыi ды Латвii, Злучаных штатаў ды Бельгii, Канады ды Галандыi. Сёння цяжка назваць тыя краiны, прадстаўнiкi якiх не пабывалi б на экскурсii ў Гудзевiцкiм лiтаратурна-краязнаўчым музеi. Хiба што з Антарктыды пакуль не было нiводнай экскурсii.

Што ж так прыцягвае экскурсантаў у гэтую маленькую вёсачку, якая нiколi нi чым не вызначалася. Хiба толькi тым, што ў Гудзевiцкай школе ў 1919-20-гадах вучылася Ларыса Генiюш, што гэтую школу сканчаў вядомы ў Еўропе мастак Змiцер Iваноўскi. Многiя раёны не могуць пахвалiцца, што сярод выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта ёсць выкладчыкi i з адной школы таго цi iншага раёна. З вёскi Гудзевiчы працуюць у БДУ два дактары навук: Бiбiла Валянцiна i Пётр Бiбiла. Можам пахвалiцца, што нашы кандыдаты ды дактары навук працуюць у iншых унiверсiтэтах.

Гудзевiчы славяцца i тым, што тут здагадалiся захаваць сялянскую хатку, якой больш за дзвесце гадоў. У ёй, дарэчы, захавалася i мэбля тых старажытных часоў. Больш нiдзе ў Беларусi вы не ўбачыце драўлянага плуга, якiмi аж да 1939 года карысталiся ў самых багатых маёнтках, такiя плугi былi i ў самых перадавых гаспадарках, бо ён араў значна лепш за жалезны, а хадзiць за iм ратаю было значна лягчэй, як за самымi дасканалымi плугамi ХХ стагоддзя: ён не выскакваў з баразны нават тады, калi на шляху сустракаўся вялiкi камень (абыдзе яго i сам зноў стане ў баразну, а меншыя камянi лёгка выворваў на паверхню). Тут, у хаце, выцiнанкi, запек, вялiкая печ, куфар, стол, якi зробленны прыгонным селянiнам Мiхасём Кажэцкiм, калыска з лазы, чапяла, рагач, кацуба, палiца, ступа, бойка, дзежка, грыфельная дошка i шмат iншага. У прымне ды каморы – жорны, страмакi, сярпы, лапаты, склюты, кашы з векамi, каробкi, сявенкi i шмат iншага гаспадарчага рыштунку.

У лiтаратурным музеi вы даведаецеся, што першыя кнiгi ў Вiльнi, Маскве, Львове друкавалi беларусы, што ў радыюсе нейкiх 7-8 кiламетраў ад Гудзевiчаў жылi або i цяпер жывуць 16 беларускiх пiсьменнiкаў.

Тут можна пазнаёмiцца з прататыпамi многiх праграмных твораў, з цiкавымi звесткамi па гiсторыi i лiтаратуры. Часта нават вучоныя захапляюцца: «Я ў вашым музеi адкрыў для сябе многа новага. Абавязкова выкарыстаю пачутае сёння ў сваёй доктарскай дысертацыi».

Мастацкая галерэя прадстаўлена творамi такiх таленавiтых мастакоў, якiмi з’яўляюцца Змiцер Iваноўскi, Мiкола Купава, Аляксей Марачкiн, Арлен Кашкурэвiч, Лiлiя Трахалёва, Алесь Лiпень, Уладзiмiр Лiпень, Уладзiмiр Церабун, Аляксей Багустаў i iншыя.

У зале карысных выкапняў даведаецеся пра велiзарныя багаццi недраў Беларусi. У нас ужо знойдзена больш за восем мiльярдаў тон калiйных соляў. У 2002 годзе ў Беларусi здабылi 31 мiльён тон гэтага каштоўнейшага ўгнаення, якое ў прыродзе сустракаецца рэдка, таму калiйныя солi купляюць краiны з усiх кантынентаў зямлi, акрамя Аўстралii.

У нас шмат бурага i чорнага вугалю, а торфу маем столькi, што маглi б забяспечыць сыравiнай дзесяткi краiнаў свету, а торф – гэта выдатная сыравiна для хiмiчнай прамысловасцi.

Наш цэмент – лепшы ў свеце. Мы маем нават маркi 600, 700, 800. Нават на будаўнiцтва Астанкiнскай вежы бралi беларускi цэмент, мел, глiну.

Мы можам лёгка вырабляць мiльёны тон гiпсу ў год, але пакуль купляем гiпс за межамi Беларусi. Даўсанiт мае адзiная рэспублiка з СНД, з яго атрымлiваюцца выдатныя соды. Амаль нiдзе ў свеце няма чорнага крэменю, а ён жа такi неабходны ў медыцыне. У нас вельмi прыгожы гранiт, з якога вырабляюцца прыгожыя плiты. На кожнага жыхара краiны ў нас прыходзiцца па 78 сотак лесу. Хто яшчэ ў свеце валодае такiм багаццем. У Беларусi велiзарная колькасць марскiх расолаў. Гэта вельмi згушчаная марская вада, у якой уся таблiца Мендзелеева. Ужо сёння з гэтай вады дабываюць бром i ёд. У нас два багацейшых радовiшчы фосфару, але мы i дагэтуль возiм яго ў Гомельскую вобласць з Кольскага паўвострава.

У залах гiсторыя Гудзевiчаў у выяўленчым мастацтве, дакументах i фотаздымках. Экскурсанты змогуць даведацца тут i пра гiсторыю ўсёй Беларусi.

У зале народнай медыцыны можна знайсцi народныя рэцэпты нават ад тых хваробаў, якiя не паддаюцца лячэнню ў шпiталях.

У залах лёну i народнага ткацтва можна ўбачыць усе прылады працы, пры дапамозе якiх лён ператвараецца ў тканiну, тут экспануюцца вiды ўсiх тканiн, якiя ткалiся на Гарадзеншчыне. А ў зале практычнага ткацтва можна паглядзець, як ткуцца Гарадзенскiя падвойныя дываны на адзiных у свеце падвойных кроснах.

У нашым музеi ад паганскiх часоў захоўваецца каменны рукамойнiк, тут красуюцца чоўны незвычайнай прыгажосцi i шмат iншых экспанатаў, якiх не мае нiводзiн музей свету.

Побач з музеем азярцо. З 10 чэрвеня, а можа i раней, на возеры будзе гайдацца музейны плыт, на якiм жадаючыя здолеюць паплаваць.

Калi хочаце ўсё гэта пабачыць, калi ласка, прыязджайце ў Гудзевiчы – адзiн з самых прыгожых музеяў Беларусi.

Л.СТАНЕЎСКАЯ,

вёска Гудзевiчы

Мастоўскага раёна

Назад