МIР
Падарожжа ў Сярэднявечча
Вялiкi дзякуй народнаму артысту Беларусi Мiхаiлу Фiнбергу: яго намаганнямi з 31 мая па 1 чэрвеня ў мястэчку Мiр адбыўся фестываль мастацтваў «Мiрскi замак 2003».
Гэта была сапраўды генiальная iдэя, вартая нашага маэстра. Сярэднявечная музыка гучала i ў двары замкавага комплексу, i са сцэны, збудаванай з вонкавага боку муроў замка. Такiм чынам гэта першы фэст, дзе была дасягнута гармонiя з «застылай музыкай» – архiтэктурай. Вельмi арганiчна выглядалi i другiя мерапрыемствы фестывалю: рыцарскiя спаборнiцтвы, студэнты Мiрскага рамеснага вучылiшча прадстаўлялi спектакль ў тэатры «Батлейка», што збудавалi асабiстымi намаганнямi. Можна было паплаваць у чоўне па возеры, зачароўваючыся замкавымi краявiдамi, падзiвiцца гiгантскiмi памерамi замка, пастраляць з арбалетаў. А можна было паблукаць па прыгожым, амаль казачным вулачкам Мiру. Асабiста мяне вельмi ўразiў «Дывертысмент» Мацея Радзiвiла ў выкананнi аднаго з камерных гуртоў Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусi.
Завершылася свята гэтак жа, як i ў часы Радзiвiлаў: разнастайнымi пiратэхнiчнымi эфектамi. Праўда, нiхто не здолеў зрабiць летам зiму, як гэта некалi прадэманстраваў адзiн з Радзiвiлаў – пане Каханку, высыпаўшы ўсю тэрыторыю вакол замка соллю, прапанаваў гасцям пакатацца на санях.
Адно сапсавала настрой – з прыгожай сярэднявечнай казкi давялося вяртацца ў наша 21 стагоддзе, з яго невыразнай архiтэктурай, непатрэбнымi амбiцыямi, з неадэкватнымi памкненнямi нашых палiтыкаў да таннай продажы нашай «краiны пад белымi крыламi».
Дзе ты, мужнае Сярэднявечча? Дзе вы, ахвярныя рыцары?
Святлана ПЯТРОЎСКАЯ
|