Будзем вырошчваць агульны сад
Такое уражанне, што напярэдаднi ўводу вiзавага рэжыму Рэспублiкай Польшча i Рэспублiкай Беларусь на Гарадзеншчыне актывiзавалiся кантакты памiж прадпрыймальнiкамi i бiзнэсоўцамi абодвух краiнаў.
На мiнулым тыднi ў Гродне адбылася сустрэча прадстаўнiкоў грамадскага аб’яднання «Клуб прадпрыймальнiкаў» з прадпрыймальнiкамi Польшчы. Польскую дэлегацыю прадстаўлялi работнiкi сельскай гаспадаркi i фермеры Падляскага i Апольскага ваяводстваў. Усяго прыехала 29 гасцей. Асноўная мэта сустрэчы, па словах старшынi клуба прадпрыймальнiкаў Франца Мамуля, – азнаямляльная. Аднак на яе былi запрошаны кiраўнiкi аблсельгаспроду i iншых дзяржаўных i недзяржаўных прадпрыемстваў Гродна. Госцi наведалi адну з самых перадвых сельгасгаспадарак вобласцi – «Прагрэс», якой некалькi гадоў таму кiраваў былы старшыня аблвыканкама Уладзiмiр Дубко. Ужо зараз, па словах Ф.Мамуля, дасягнуты некаторыя канкрэтныя дамоўленнасцi аб супрацоўнiцтве. У прыватнасцi, iснуе праэкт аб стварэннi СП па пасадцы сада. Апольская дэлегацыя праявiла зацiкаўленасць да супрацоўнiцтва i паабяцала ў лiпенi-жнiўнi афiцыйна запрасiць сваiх калегаў з Гродзеншчыны з адказным вiзiтам.
Нагадаю, што падобная сустрэча гродзенцаў напачатку траўня адбылася з прадпрыймальнiкамi Любускага ваяводства i горада Зялёна Гура. Пасля яе было прынята рашэнне аб стварэннi сумесных прадпрыемстваў у сферы абслугоўвання i дрэваперапрацоўкi.
Таксама на мiнулым тыднi ў Гродне адбылася яшчэ адна рабочая сустрэча прадстаўнiкоў гродзенскага абласнога ваеннага камiсарыята i Ваяводскага ваеннага штаба Беластока. На сустрэчы абмяркоўвалiся пытаннi арганiзацыi ўзаемадзеяння вайсковых адмiнiстрацый у крызiсных i надзвычайных сiтуацыях. У межах сустрэчы беларускiя вайсковыя спецыялiсты распавядалi гасцям аб заканадаўчай базе, якая рэгламентуе дзейнасць вайсковых камiсарыятаў краiны, структурах i задачах, якiя вызначаюцца вайсковымi камiсарыятамi. Польскiя вайскоўцы таксама азнаёмiлiся з парадкам работы адмiнiстрацыi абласнога сборнага пункта. М.МIКАЛАЙЧЫК
|