Ад Люблінскай уніі да Еўрапейскай
З неверагоднай цiкавасцю i добрай зайздрасцю назiраў, як палякi радавалiся вынiкам рэферэндума аб далучэннi Польшчы да Еўрасаюза. Абдымаўся i цалаваўся прэзiдэнт, цэлую ноч на вулiцах Варшавы шалелi грамадзяне, нават дэпутат Лепер адкрыта не выказваўся супраць, i з непрыхаванай радасцю аб гэтай падзеi паведамляла дыктарка першай праграмы тэлебачання. I цяпер гэта факт. Паводле канчатковых дадзеных, у рэферэндуме ўзялi ўдзел каля 59% палякаў, больш 77% з iх прагаласавалi за ўступленне сваёй краiны ў Еўрасаюз.
Добры сусед, звычайна, радуецца, калi ў ягонага суседа адбываюцца прыемныя падзеi. Спадзяюся, што большасць людзей на Гродзеншчыне зрабiлi менавiта так за свайго заходняга суседа. Гiсторыя Польшчы тварылася заўсёды на вачах iх суседзяў-беларусаў, а нават падчас i разам. Рознае ў ёй было: дрэннае i добрае, але галоўнае – супольнае, калi баранiлiся ад ворагаў i калi краiну дзялiлi на часткi, калi змагалiся «за нашу i вашу волю». Урэшце, наступiлi часы, калi абедзьве краiны пачалi будаваць сваю незалежнасць. I трэба прызнаць, што на гэтым перыядзе пабудовы сваёй дзяржаўнасцi палякi паказваюць беларусам прыклад, як трэба змагацца за свабоду i дабрабыт сваёй краiны.
Не хачу iдэалiзаваць сучасную Польшчу, паколькi кожны з нашых гродзенцаў бачыць, што людзi там жывуць не толькi ў прыгожых дамах, але i з безпрацоўем, невялiкiмi заробкамi, эканамiчнымi i палiтычнымi праблемамi дзяржавы. Тым не менш, крок за крокам, Польшча рухаецца ў бок заходняй цывiлiзацыi. Выбар зроблены канчаткова, i неважна, што менавiта зараз iх узровень жыцця нельга параўнаць з тым, як жывуць немцы. Адразу i аднамаментна нiчога не робiцца, на гэта патрэбны час, галоўнае – выбраць той правiльны накiрунак.
Вопыт сучаснай аб’яднанай Еўропы сведчыць, што выгадней будаваць адносiны памiж краiнамi i народамi на тым, што iх аб’ядноўвае, а не раз’ядноўвае. Ад гэтага нашмат болей плёну не толькi дзяржавам, але i звычайным людзям. Нельга ж увесь час аглядвацца толькi на тое, што было некалi дрэнным. У гiсторыi Францыi i Нямеччыны, напрыклад, былi часы стогадовай вайны, акупацыi падчас другой сусветнай, i калi б палiтыкi i людзi думалi толькi аб гэтым, пра што можна было б казаць. А так – вынiкi вiдавочныя: сёння яны спакойна пераязджаюць з краiны ў краiну, маюць аднолькавыя грошы, працуюць там, дзе каму больш падабаецца, жэняцца, жывуць, ведаюць па некалькi моваў. Абраўшы шлях у Еўропу, палякi абралi свой гiстарычны традыцыйны, нават натуральны шлях, якiм заўсёды iшлi iх продкi. Як не кажы, але яны пакiдалi свае дзялкi ў выхадныя днi i вярнулiся з утульных курортаў, каб усё ж такi вырашыць лёс сваёй краiны. I неважна, што iм нагадвалi пра гэта праз SMS i розныя iншыя штучкi сучаснай цывiлiзацыi. Яны самi адарвалiся ад лежакоў, самi ўзялi ў рукi бюлетэнi i апусцiлi iх у ўрны для галасавання. I, вядома, што iх дабрабыт будзе залежыць, у першую чаргу, ад iх самiх, толькi разам з суседзямi ў адной еўрапейскай супольнасцi наладзiць яго будзе значна лягчэй.
Уразiла, што сярод людзей сярэдняга i сталага веку працэнт тых, хто падтрымаў далучэнне Польшчы да Еўрасаюзу, быў вышэйшы, чым сярод моладзi.
Уразiла тое, як вядомы польскi палiтык, былы мiнiстр абароны Бранiслаў Камароўскi гаварыў пра беларусаў, што гэта «нашы браты, з якiмi мы маем надзвычай багатую агульную гiсторыю. Таму мы, канечне, марым пра тое, каб Беларусь пайшла тым самым шляхам, што i Польшча – у кiрунку Захаду, рынкавай гаспадаркi, пашаны да правоў чалавека. Таму Польшча, безумоўна, будзе падтрымлiваць i дапамагаць тым сiлам у Беларусi, якiя змагаюцца за выбар Беларуссю такога шляху. Аднак беларусы павiнны самi паверыць у свае магчымасцi, у сiлу беларускага народу, у моц мары пра сапраўдную незалежнасць i пачэснае месца вашай краiны ў Еўропе. Мы будзем дапамагаць вам як толькi зможам».
У мiнулым годзе мне давялося пабываць у люблiнскiм замку, дзе была падпiсана унiя памiж Каронай Польскай i Вялiкiм Княствам Лiтоўскiм. Памятаю, хадзiў пад уражаннямi, уяўляў, як гэта адбывалася. Потым зайшоў у касцёл, дзе была адпраўлена iмша за унiю...
Як даўно гэта было i як усё прынцыпова змянiлася: палякi вяртаюцца дамоў, у Еўропу, а беларусы накiроўваюцца ў адваротны шлях, толькi за чым?
Польшча ўвойдзе ў Еўрасаюз 1 мая 2004 году.
Яна стала шостай краiнай з 10 краiнаў-кандыдатаў, у якой прайшоў рэферэндум аб далучэннi да Еўрасаюза. Наступнай краiнай будзе Чэхiя.
Мiхаiл КАРНЕВIЧ
|