Настаўнiк прасiў аднавiць яго на працы i аплацiць вымушаны прагул. Суддзя Аўсейчык не задаволiла пазоў. На судзе быў Мiкалай Аксамiт – кiраўнiк праваабарончай арганiзацыi «Аслона» з суседняга Ваўкавыску.
Паводле яго, памiж дырэктарам школы Бранiславам Кiсялеўскiм i Анатолем Валюком адбыўся канфлiкт. Знiк школьны зварачны апарат – з’явiлiся неабгрунтаваныя прэтэнзii да Валюка як да настаўнiка працы. Ён абурыўся. Дырэктар сказаў: ты – нападпiтку.
Мiкалай Аксамiт кажа, што дырэктар запрасiў у кабiнет iншых настаўнiкаў, каб яны пацвердзiлi ягоныя здагадкi. – I яны мусiлi. Але яны гаварылi, што зусiм не былi ўпэўненыя, што гэта праўда, – сказаў спадар Аксамiт. Ва ўсякiм разе, экспертызы нiхто не рабiў.
А перад тым Анатоль Валюк у бюлетэнi «Свой лад» надрукаваў артыкул пра тое, як у Свiслачы ўлады паставiлi бюст Сталiна, назва публiкацыi «Нэкрафiлiя цi «рэстаўрацыя сталiнiзму». Адразу ў школу прыйшла праверка. Прадстаўнiца райана запатрабавала, каб Валюк прыбраў са сцяны чаканку з гербам «Пагоня». Ён адмовiўся. Яму сказалi: працаваць у школе ты больш не будзеш. А тут – канфлiкт з дырэктарам.
Раней Валюк працаваў у мясцовай газеце, затым выкладаў у школе родную мову i лiтаратуру. Але начальства зрабiла так, каб ён вёў толькi ўрокi працы. А затым хацелi i iх забраць ды пакiнуць яму толькi працу з вучнямi ў гуртках. Пару месяцаў таму Валюк з сябрамi падалi ў райвыканкам свае прапановы, каб адзначыць 140-я ўгодкi паўстання Кастуся Калiноўскага. Дагэтуль нiякага адказу не атрымалi. Зараз Анатоль рыхтуе скаргу на пастанову суду, якi не абаранiў ягоныя правы. У невялiкай Свiслачы знайсцi працу амаль немагчыма – Хоць iдзi дворнiкам, – падсумаваў сваё становiшча Анатоль Валюк.
Радыё Свабода