У судзе
«Ратуша» – без шансаў
У мiнулую сераду стала канчаткова зразумела, што шлях для закрыцця гродзенскага грамадскага аб’яднання «Ратуша» расчышчаны. Суддзя Ленiнскага суда Ганна Чылека не задаволiла скаргу старшынi «Ратушы» Аляксандра Мiлiнкевiча на пастанову адмiнiстрацыйнай камiсii Ленiнскага раёна Гродна, якая вынесла другое на працягу года папярэджанне арганiзацыi.
Нагадаю, што ў маi быў прыпынены працэс у абласным судзе па зыску Упраўлення юстыцыi Гродзенскага аблвыканкама аб закрыццi «Ратушы». Тады спадар Мiлiнкевiч падаў скаргу на рашэнне адмiнiстрацыйнай камiсii, паколькi не атрымаў запрашэнне на яе паседжанне. У ёй Мiлiнкевiч акцэнтаваў увагу суда на тое, што былi парушаны яго канстытуцыйныя правы: ён не меў магчымасцi выкласцi свае аргументы камiсii, скарыстаць з адваката. I прасiў ён у суда вярнуць перагляд справы ў тую ж камiсiю. Аднак, суддзя Чылека ўзяла пад увагу аргументы прадстаўнiка адмiнiстрацыйнай камiсii, маўляў, запрашэнне пасылалi па пошце, пасылалi нарачнага, а Мiлiнкевiч, паколькi знаходзiўся ў камандыроўцы, павiнен быў заставiць нейкi iншы адрас, каб яго маглi ў патрэбны момант адшукаць.
Нагадаю, што адмiнiстратыўная камiсiя, акрамя папярэджання, вынесла Мiлiнкевiчу i штраф у памеры 13300 рублёў. Усё гэта выглядае як бы не значна, але, паколькi папярэджанне другое, то абласны суд мае ўсе падставы, каб зачынiць «Ратушу». Атрымлiваецца, што гэта будзе зроблена за тое, што аднойчы «Ратуша» надрукавала кнiжку з беларускiм фальклорам, а па-другое, за тое, што захоўвала рызограф без лiцэнзii. Суддзя не ўзяла пад увагу той момант, што лiцэнзiю спрабавалi атрымаць, што рызограф спрабавалi перадаць на баланс гродзенскаму ўнiверсiтэту. Нарэшце, Мiлiнкевiч заявiў у судзе, што рызограф ужо перадалi нейкай арганiзацыi i яго няма ў «Ратушы». Усе гэтыя аргументы не зрабiлi нiякага ўражання на суд.
Цяпер Мiлiнкевiч, згодна з заканадаўствам, мае права толькi падаць касацыйную скаргу на рашэнне Ленiнскага суда. У лепшым выпадку, гэта толькi адцягне момант закрыцця грамадскай арганiзацыi. Наперадзе абласны суд з зыскам упраўлення юстыцыi. Шансаў практычна няма.
М.МIКАЛАЙЧЫК
|