Ваўкавыск
Горад, гісторыяй якога можна ганарыцца
У Ваўкавыску адбылася навукова-краязнаўчая канферэнцыя «Гiсторыя i культура Ваўкавыскага краю», прысвечаная 500-годдзю надання Магдэбурскага права г.Ваўкавыску.
Нагадаем, што горад Ваўкавыск быў восьмым месцам у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, якi атрымаў прывiлей на Магдэбурскае права пасля Вiльнi(1387), Брэста (1390), Слуцка (1441), Высокага (1494), Гродна (1496), Полацка (1498), Менска (1499).
Арганiзатарамi канферэнцыi выступiлi: Ваўкавыскае краязнаўчае таварыства, Ваўкавыская рэгiянальная арганiзацыя Таварыства беларускай мовы iмя Францiшка Скарыны, Ваўкавыскi раённы выканаўчы камiтэт, Ваўкавыскi ваенна-гiстарычны музей iмя П.Баграцiёна, Навукова-даследчая археалагiчная лабараторыя Гродзенскага дзяржаўнага унiверсiтэта iмя Янкi Купалы.
У канферэнцыi узялi ўдзел навукоўцы з Гродна, Мiнска, а таксама краязнаўцы, настаўнiкi i студэнты. Даклады атрымалiся на дзiва цiкавымi i пазнавальнымi. Шмат хто з гасцей пазайздросцiў, што падобных даследаванняў не зроблена па iх гарадах i мястэчках. Матэрыялы канферэнцыi плануецца выдаць асобным выданнем.
Нагадаем, што ў 2005 годзе спаўняецца 1000 гадоў, як Ваўкавыск упершыню ўзгадваецца ў гiстарычных летапiсах. Гэты год, згодна з гiстарычнай традыцыяй, лiчыцца годам заснавання горада.
Мiкалай КавальЧук
|