Аднойчы яго ўжо пахавалi – у 1944-м. Родныя атрымалi паведамленне аб пагiбелi малодшага лейтынанта Быкава. На абелiску пад Кiраваградам у спiсе памерлых было выбiтае яго прозвiшча. Але Быкаў выжыў. I, згодна прыкмеце, жыў пасля доўга.
Пасля яго засталiся мужныя i пранiзлiвыя кнiгi. Ён быў увасабленнем пiсьменнiцкага сумлення i асабiстай прыстойнасцi.
Мудрыя не спяшаюцца. Перш чым кiнуць на цнатлiвую бель аркушовае нiвы сваё слова-зерне, яны доўга спеляць свае думы, i таму на iхных мыслярскiх гонях нiколi не прарастае пустацвет. За 55 гадоў актыўнага творчага жыцця Васiль Быкаў выдаў каля двух з паловаю дзясяткаў кнiгаў арыгiнальнае прозы. Перакладзеныя амаль на сто моваў свету, яны назаўжды ўвойдуць у залаты фонд сусветнае лiтаратуры дваццатага стагоддзя.
Самае першае апавяданне «Дапякло» Васiль Быкаў надрукаваў у 1947 годзе ў часопiсе «Вожык». Праз два гады ягоныя лiтаратурныя публiкацыi з’явiлiся ў газеце «Гродзенская праўда». Але сам пiсьменнiк лiчыў пачаткам свайго творчага лёсу 1951 год, калi напiсаў апавяданнi «Смерць чалавека» i «Абозьнiк». Маладыя афiцэры i салдаты з трагiчным франтавым лёсам з апавядання «У першым баi» надоўга стануць галоўнымi героямi твораў пiсьменнiка.
Нiкiм дагэтуль не паказаная акопная праўда другой сусветнай вайны складзе змест кнiгаў ягоных аповесцяў i апавяданняў «Жураўлiны крык», «Трэцяя ракета», «Альпiйская балада», «Адна ноч». Выдадзеныя ў 1960-я гады, яны прынеслi пiсьменнiку велiзарную чытацкую папулярнасць i жорсткую агрэсiю афiцыйных iдэолагаў.
I тое, i другое памножылi аповесцi «Сотнiкаў», «Абелiск», «Воўчая зграя», «Круглянскi мост», «Пайсцi i не вярнуцца», але асаблiва – «Мёртвым не балiць». Выдадзеныя ў 1970-я гады, гэтыя творы пiсьменнiка прынеслi яму сусветную славу, якую яшчэ больш пашырыла аповесць «Знак бяды». З яе пiсьменнiк першым у беларускай лiтаратуры звяртаецца да перыяду жорсткiх сталiнскiх рэпрэсiяў у час гэтак званае калектывiзацыi. I да канца жыцця будзе паказваць антыгуманнае аблiчча метадаў кiравання савецкае ўлады. Што адразу ж выклiкала неперапыннае цкаванне пiсьменнiка цяперашняю ўладаю ў краiне.
Творы канца 1980-х – пачатку 1990-х (раман «Кар’ер», аповесцi «Аблава», «Сцюжа» i «У тумане») яшчэ паспеюць выйсцi ў дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая лiтаратура».
А антыбальшавiцкiя творы, напiсаныя ў другой палове 1990-х гадоў, ужо дойдуць да чытача толькi дзякуючы народным ахвяраванням. Зборнiк апавяданняў «Сцяна» стаў першаю ў гэтым сэнсе народнаю кнiгай. На сабраныя грошы яе выдала ў 1997 годзе выдавецтва «Наша Нiва». Праз два гады ў выдавецтве «Вострая брама» выйшла кнiга метафарычных прыпавесцяў Быкава пра сучасную Беларусь «Пахаджане». Мiж гэтымi дзвюма кнiгамi ў выдавецтве «Гронка» выйшаў зборнiк быкаўскае публiцыстыкi «Крыжовы шлях».
Апошняя прыжыццёвая кнiга апавяданняў пiсьменнiка – «Воўчая яма» – з’явiлася на свет у выдавецтве «Кнiга» два гады таму. Сваю кнiгу ўспамiнаў «Доўгая дарога дадому» Васiль Быкаў таксама яшчэ паспеў адрэдагаваць сам. А вось абяцаны ўладамi васьмiтомнiк (менавiта на такi аб’ём творчы наробак пiсьменнiка ацанiла дзяржаўнае выдавецтва «Мастацкая лiтаратура») застаўся за жыццёвым парогам. Але творчы архiў пiсьменнiка падорыць чытачу яшчэ шмат быкаўскiх адкрыццяў. Найблiжэйшае з якiх, апавяданне «Бутэльчына альбо Прэзiдэнт на дрэве», будзе надрукаванае ў адным з незалежных выданняў.
Калi адыходзiць такi чалавек, вельмi важна ведаць – пра што ён думаў напрыканцы жыцця. Летась у Беларусi невялiкiм накладам на беларускай мове выйшлi ўспамiны i роздумы Васiля Быкава «Доўгая дарога дадому». На вялiкi жаль, большасцi беларускiх чытачоў яны практычна невядомыя. Фрагмент з гэтай кнiгi «БI» сёння прапануе вашай увазе:
Свабода – галоўная маральная i фiзiчная каштоўнасць, дадзеная кожнай жывой iстоце ад нараджэння. Усё жывое i карыстаецца гэтай каштоўнасцю, наколькi магчыма ў складаным, заблытаным свеце натуральнага iснавання. Акрамя хiба што чалавека, якому недастаткова дадзенай ад нараджэння свабоды. Каб у поўнай меры ўсвядомiць i адчуць яе неабходнасць, яму наканавана прайсцi праз хiтрасплятаннi жыццёвага лабiрынту. А то i заставацца ў адным з яго тупiкоў. I звыкнуцца, зачахнуць, згубiць прыроджаны дар свабоды, прыладкавацца ў iмя элементарных мэтаў бiялагiчнага iснавання. Зрабiцца часткай натоўпу, грамадства, электарату — такiм, як усе.
Але як быць асобе, калi яна выпадае з масы сабе падобных, калi гэта – мастак, якiм рухае ўнутраны iмпульс самавыяўлення? Як пераадолець жывёльную залежнасць ад соцыўму, якi непазбежна нiвелюе Богам дадзены дар? Цi, можа, не трэба нiчога пераадольваць, а падладзiцца, прыладкавацца, каб дасягнуць бесканфлiктнага iснавання? Дзесяцiгоддзямi ў нашых вушах гучала рабская максiма: «Жыць у грамадстве i быць свабодным ад грамадства нельга». Сапраўды, нельга, не дадуць, не дазволяць. Тыя, ад каго гэта залежыць, натхняюцца не падманлiвай iдэяй чалавечай свабоды, а рэальнай патрэбай ўцiску i сiлы. I, праўда, яны валодаюць немалой сiлай, бо яны – заўсёды ў большасцi.
Можа, сапраўды, каб выжыць, варта аб’ядноўвацца, збiцца ў зграю, як робяць многiя iстоты ў жывой прыродзе. Асаблiва, калi ёсць iдэя – неiстотна, добрая цi благая. Часам iдэя вызначаецца iнстынктам нацыi цi класу, цi нейкай групы, i тады свет аказваецца перад iмперскай, пралетарскай, нацысцкай iдэямi, праз якiя заўсёды льецца кроў. Апантанасць так званымi папулiсцкiмi iдэямi каштуе вялiкай крывi. I яны рэдка ажыццяўляюцца. Нават самая святая з iх – iдэя свабоды.
Але якая яшчэ iдэя патрэбная мастаку, калi яго душа ўжо захопленая iдэяй вышэйшай пробы – праўды i прыгажосцi? Iншаму ў яго сэрцы месца няма, ён – iндывiдуалiст. Усё значнае ў мастацтве адпачатку ствараецца на аснове iндывiдуалiзму. Спробы заарганiзаваць мастацкую творчасць (тым больш лiтаратурную) засёды мелi фiаска. Мастакi – адзiнаасобнiкi, яны ствараюць штучны тавар. Творчы альянс дваiх, нават калi кожны з iх генiй, немагчымы. Толькi паасобку. Нават калi яны адзiнадумцы, адзiнаверцы, належаць да адной партыi. Калектыўны элемент у мастацтве несумненна дэструктыўны.
Праўда, наш час асаблiвы – крывадушны i жорсткi, а што да мастацтва – разбуральнае па сваёй сутнасцi, толькi мы яшчэ не да канца ўсвядомiлi гэта. Напэўна, зараз у першую чаргу трэба клапацiцца не пра росквiт, а пра выжыванне i захаванне ўсяго лепшага ў нацыянальнай i сусветнай культуры, што так бязлiтасна разбураецца ўладамi i часам. Напэўна, лепш захаваць усё. Але няўжо незразумела, што i разбураць таксама зручней адным махам – усё адразу. Так танней для ўладаў, якiя прывыклi ўладарыць не толькi над целамi, але i над душамi людзей. З гэтай мэтай у нядаўнiм мiнулым яны стварылi партыю, калгасы, гулаг, каб загрэбсцi ўсiх адразу. I сагналi мастакоў у «творчыя» саюзы, дзе ўзялi iх у «творчы» палон. Гэта, як правiла, рабiлася рукамi тых самых мастакоў з лiку самых спрытных калабарцыянiстаў. Па старым прынцыпе самаабслугоўвання: самi пiшыце, самi сябе i саджайце.
Наша лiтаратура быццам пацiху выскараскiваецца з таго iнтэлектуальнага гулагу, з якога яшчэ трэба выбрацца нацыi. Свабода рабочых i сялянаў патрабуе, як кажуць, вялiкiх валютных iнвестыцыяў, на якiя дзяржава няздольная. Лiтаратуры не асаблiва патрэбныя iнвестыцыi, але ёй цалкам неабходная свабода. Аднак iнтэлектуальная свабода каштуе яшчэ даражэй, чым права на валоданне зямлёй. Зрэшты, у Беларусi вынiк аднолькавы – нi ў сялян няма зямлi, нi ў пiсьменнiкаў – свабоды (...)
Усё гэта – непераадольная сiла няволi, з якой нацыя звыклася, параднiлася, адступаць ад якой рызыкавана. Як ставiцца да гэтага мастакам? Томас Вэнцлова, напрыклад, пiша, што найвышэйшы патрыятызм – у тым, каб ваяваць з комплексамi сваёй нацыi. Сказана не да самай закамплексаванай нацыi – але гэта – праўда, i, адпаведна, адносiцца да ўсiх нацыяў без выключэння.
Можна зразумець нашых калег, расiйскiх дэмакратаў, якiя нядаўна перажылi тое, што i мы, i зараз пацягнулiся да падманлiвай, цяжкадасягальнай свабоды. Аб’яднаўшыся з беларусамi, яны думаюць набыць дадатковы шанец на шляху да яе, кiруючыся ўсё той самай логiкай – разам лягчэй. Але старая чэшская прымаўка кажа: не запускай млын, калi не можаш яго спынiць. Цi здолеюць нашыя расiйскiя калегi годна распараджацца хаця б уласнай свабодай? А можа, больш рэальная i для нас, i для iх небяспека страцiць усё? Дзе гарантыi, што iх свабода дасягнутая цалкам i назаўсёды? У краiне, дзе бясконцыя ганебныя войны, дзе паўсюль льецца кроў, прыцiскаецца свабода слова, а галоўнай дзяржаўнай iдэяй робiцца ўсё той самы нацыянал-iмперыялiзм? Занадта гэта сумнеўна...
У нас i ўласных бед хоць адбаўляй. Разбураецца эканомiка, народ даведзены да галечы, знiшчаюцца нацыянальная культура i мова. Падобна, што дапамагчы нам нiхто не здолее – так глыбка пагразлi мы ў дрыгве хлуснi i тыранii, што ад нас адвярнуўся ўвесь белы свет. I ўсё ж такi нам, як тым зэкам, вельмi не хочацца патрапiць з адной камеры ў такую самую, асаблiва, калi перапынак памiж допытамi стаўся такiм кароткiм.
Напэўна, кожнаму свой шлях да свабоды трэба прайсцi ў адзiночку. Усё ж iндывiдуалiзм i ў гэтым выпадку – не самы горшы выбар на шляху да яе. Можа, не лепшы, але i не самы горшы – у аснове калектыўнае свабоды заўсёды ляжыць свабода iндывiдуальная.
Напэўна, мае развагi песiмiстычныя, хаця душа прагне аптымiзму. Як калiсцi пiсала вялiкая Леся Ўкраiнка: «Без надзеi ўсё ж спадзяюся...»
Па матэрыялах iнфармацыйных агентстваў падрыхтаваў
Мiхаiл КАРНЕВIЧ