Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 281 от 26.06.2003  

Дзікае паляванне

На Беларусi жыў вельмi добры матэматык i чалавек Iгар Жук. Ён аднойчы сказаў: «Усiм вядома, што сабака – сябар чалавека. Адсюль вынiкае, што той, для каго сабака – не сябар, – не чалавек!» Гэтае разважанне абсалютна правiльнае, з пункту гледжання матэматычнае логiкi.

Людзi

У Гродне жыве баба Зiна – пенсiянерка, асноўны занятак якой – збор бутэлек. Яна адчувае сябе царыцай у сваiм двары. У прыватнасцi, толькi яна мае ключ ад падвала ў сваiм доме. Калi хтосьцi захоча узяць нешта з падвала – трэба iсцi на паклон да Зiны. I за гэта баба Зiна бярэ з жыхароў дома плату! Баба Зiна ненавiдзiць дзяцей, кошак, сабак, бо яны крычаць, мяўкаюць, брэшуць i парушаюць яе спакой. Летась яна пачала сапраўдную вайну супраць кошак, што жылi ў падвале: закалацiла ўсе вокны ў падвал. Тым самым замуравала жыўцом кацянятаў. Жыхары дома спачатку спрабавалi размаўляць з Зiнай па-добраму, у адказ чулi толькi брудную мацерную лаянку. Калi былi вычарпаныя ўсе дыпламатычныя сродкi, людзi мусiлi звярнуцца ў мiлiцыю. Вялiкi дзякуй афiцэрам Ленiнскага РАУС г.Гродна, якiя па-людску паставiлiся да лёсу няшчасных жывёлаў i прымусiлi паганую бабу адчыняць падвал.

Летась ў Альпах загiнули 4 iтальянскiя альпiнiсты – яны ратавалi сабаку, якi звалiўся ў расколiну на ледавiку. Так ставяцца да жывёлаў нармальныя людзi ў нармальнай краiне. У нас жывёлаў забiваюць за тое, што яны – сабакi i каты. Перад кошкамi i сабакамi – жывёламi, найбольш блiзкiмi да чалавека, – чалавек вiнаваты ў тым, што некалi прыручыў iх, узяў у хату, на падворак, i яны ўжо не могуць жыць без чалавека, прывязалiся да яго, а потым стаў выганяць iх. У вынiку ў гарадах паявiлiся сотнi няшчасных бадзяжных жывёлаў.

Улады

На пачатку зiмы ЖЭСы закалачваюць вокны ў падвалах для таго, каб кошкi не мелi, дзе схавацца ад марозу. Увесну пачынаецца кампанiя масавага адлову i забойстваў кошак i сабак, па тэрмiналогii камунальных службаў – «очистка». Аналагiчнае дзiкунства некалi чынiлi кiтайцы – яны перастралялi ўсiх сваiх вераб’ёў, i ў вынiку засталiся без ураджаю рысу, потым завозiлi вераб’ёў з iншых краiнаў. Я баюся, што, калi ў горадзе пазабiваюць усiх катоў, нас чакае нашэсце мышэй i пацукоў i звязаныя з iмi хваробы – тыфус, халера.

Па-ранейшаму ЖЭСы вывешваюць аб’явы, у якiх заклiкаюць людзей здаваць за грошы на смерць катоў i сабак.

Гэта сапраўдны фашызм у дачыненнi да жывёлаў. У нас усё жывое падзелена на людзей, якiм можна жыць, i жывёлаў, якiх трэба забiваць. Чалавек чамусьцi вырашыў, што ён – «цар прыроды» i таму мае права вырашаць, каму пакiнуць жыццё, дадзенае Богам, а ў каго – адабраць. Людзi, для таго, каб неяк апраўдаць сваё нялюдскае стаўленне да жывёлаў, прыдумалi тэорыi, што жывёлы не маюць розуму, пачуццяў, i ў жыццi кiруюцца толькi рэфлексамi i iнстынктамi. Жывёлы сапраўды вельмi адрознiваюцца ад нас... Параўнайце кошку, якая без страху баронiць сваiх кацянятаў ад сабакi, якi ў 10 разоў большы за яе, i жанчыну, якая кiдае сваё дзiця ў раддоме цi нават на сметнiку.

Чыноўнiкi не могуць зразумець, што нельга i далей вырашаць праблему iснавання бадзяжных жывёлаў шляхам забойства. У цывiлiзаваных краiнах даўно вырашаюць гэтую праблему шляхам стэрылiзацыi i вакцынацыi. Апраўдываць забойствы безабаронных жывёлаў адсутнасцю грошай амаральна. Грошы на выплаты за забойствы ў гарадскiм бюджэце знаходзяцца...

Дзецi

На вулiцы ляжаў мёртвы сабака з дротам на шыi. Дзецi прывязалi яго дротам да тралейбуса. Кiроўца тралейбуса не заўважыў, i нiхто з людзей, хто бачыў гэтыя «забавы», яму не сказаў... Дзецi аблiлi сабаку бензiнам i падпалiлi...

Па заклiку ўладаў i дзецi нясуць здаваць «братоў нашых меншых» на ўбой, каб купiць на атрыманыя за смерць грошы цукеркi цi цыгаркi. Улады вучаць людзей i, што самае страшнае, дзяцей, зарабляць грошы цаною жыцця. Я не думаю, што чыноўнiк, якi з’яўляецца аўтарам гэтай нялюдскай iнiцыятывы, хацеў выхаваць з нашых дзяцей забойцаў, але так атрымалася.

Чыноўнiкi, якiя аддаюць загады забiваць безабаронных кошак i сабак, сцвярджаюць, што робяць гэта ў iмя высакароднай мэты – здароўя людзей. Чаму ж яны не шкадуюць дзяцей, якiя становяцца вiдавочцамi гэтых страшных забойстваў, чаму не думаюць пра тое, якiя раны яны наносяць псiхiцы гэтых дзяцей?

Што рабiць?

На пытанне: «Хто вiнаваты ў тым, што ў нашай краiне людзi чыняць з жывёламi?» адказ адзiны: «Людзi». Вiнаватыя, чыноўнiкi, якiя аддаюць загады забiваць безабаронных жывёлаў. Вiнаватыя выканаўцы гэтых загадаў. Вiнаватыя тыя, хто бярэ у сваю хату кацяня цi шчаня, як жывую цацку, а потым, калi гэтая цацка надакучыць – выкiдае на двор.

Спынiць бязлiтасныя садыстскiя забойствы жывёлаў няма надзеi, але i нiчога не рабiць, ведаючы пра гэта, немагчыма.

Два гады таму ў Гродне было зарэгiстраванае Грамадскае аб’яднанне абароны жывёлаў «Дабрыня». На жаль, яна была абсалютна бездапаможная. Гарадскiя ўлады выдзелiлi за горадам будынак для арганiзацыi прытулку для бадзяжных жывёлаў, але за 2 гады кiраўнiцтва арганiзацыi не здолела правесцi ў гэты будынак ацяпленне, электрычнасць, зрабiць вальеры для жывёлаў. Кiраўнiк арганiзацыi толькi звозiў у будынак сабак i кошак, прычым размяшчаў хворых жывёлаў разам з здаровымi. Гэтыя жывёлы, часам галодныя, спалi на голым цэменце. Замест прытулку атрымаўся канцлагер для жывёлаў. Узiмку, калi былi вялiкiя маразы, жывёлаў некуды вывезлi, i цяпер будынак стаiць пусты. Па вiне кiраўнiцтва «Дабрынi» дыскрэдытаваная сама iдэя стварэння арганiзацыi, якая б займалася ратаваннем жывёлаў.

Ёсць многа людзей, якiя адчуваюць боль i сорам за тое, што людзi робяць з жывёламi, калi б сярод iх знайшлiся людзi, якiя б не толькi хацелi, але i маглi нешта рабiць – энэргiчныя, разумныя з арганiзацыйнымi здольнасцямi, якiя маюць час i сiлы займацца гэтай амаль безнадзейнай справай – варта было б паспрабаваць стварыць новую арганiзацыю. Аўтар артыкула будзе вельмi ўдзячная ўсiм, хто напiша на адрас рэдакцыi i падзелiцца сваiмi думкамi.

Таццяна Капылова

Назад