Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 282 от 03.07.2003  

Слонiм

Жаночы страйк

Жанчыны слонiмскай камвольнай фабрыкi дамаглiся праз страйк выплаты заробку за два апошнiя месяцы i дзiцячых пасобiй. Праўда, заробак iм выплочвалi ад 23.00 да двух гадзiн ночы.

Дзеля гэтага iм на мiнулым тыднi давялося перакрыць рух транспарту побач з камвольным камбiнатам па вулiцы Брэсцкай. Акцыя пачалася пасля 15.00 гадзiн, у ёй брала ўдзел каля 50 жанчын, а ўжо каля 18.00 там сабралася каля трохсот чалавек, прычым, гэта былi ўжо не толькi рабочыя камвольнага камбiната. Рух транспарту быў спынены. Праз гэту вулiцу едзе ўвесь транспарт на мяжу i з мяжы, а таму спынiлася мноства фураў, гарадскi транспарт. Па словах вiдавочцаў, людзi ў гарадскiх аўтобусах задаволена падтрымлiвалi жанчын, якiя страйкавалi, а вадзiцелi аб’яўлялi, што аўтобус далей не iдзе – страйк. Кiроўцы фураў з замежнымi нумарамi, палiвалi на чым свет стаiць не страйкоўцаў, а ўладу, маўляў, калi вы яе ўжо зменiце. Мiлiцыя ў падзеi не ўмешвалася, толькi стаяла побач. У Слонiме такога не памятаюць даўно. Прыкладна каля 23.00 страйк пачаў спадаць, паколькi пачалi выплочваць грошы. Вiдавочцы распавядаюць, што з Гродна прыехаў высокi чыноўнiк i даў загад выплацiць заробак. Праўда, у той вечар выплочвалi толькi за адзiн месяц – красавiк. Жанчыны прыгразiлi адмiнiстрацыi прадпрыемства, калi не выплацяць i за май, дык з ранку яны зноў пачнуць страйкаваць. З самай ранiцы наступнага дня пачалi выплочваць заробак i за май, хаця адмiнiстрацыя прадпрыемства бажылася, што грошай на рахунку няма.

Дарэчы, камвольная фабрыка ў Слонiме – адно з самых буйных прадпрыемстваў: паўтары тысячы працаўнiкоў. Калегi з «Газеты Слонiмскай» распавядалi, што адна работнiца ад такога безграшоўя i безвыходнасцi атруцiлася таблеткамi, але яе ўратавалi.

Мiхал МIКАЛАЙЧЫК

Назад