Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 282 от 03.07.2003  

У Саюзе палякаў па-ранейшаму скандаляць

Звольнены незаконна i адноўлены праз суд адмiнiстратар Дома польскага ў Гродне Станiслаў Богуш не можа прыступiць да працы ўжо некалькi тыдняў. Старшыня СПБ Тадэвуш Кручкоўскi не дапускае яго на месца працы.

Станiслаў Богуш сабраў прэс-канферэнцыю ў Доме польскiм i яшчэ раз распавядаў журналiстам аб сваёй праблеме. Звяртаючыся да iх, С.Богуш зазначыў, што адно спадзяванне засталося – на прэсу, паколькi спадар Кручкоўскi не размаўляе з iм.

Да С.Богуша далучылася яшчэ адна «ахвяра» Т.Кручкоўскага – Зыгмунд Пелуць, якi быў звольнены старшынём СПБ з пасады старшынi Гандлёва-прамысловай палаты, якую, дарэчы, сам i стварыў пры Саюзе палякаў. Пелуць быў i сярод тых, хто з самага пачатку стаяў ля вытокаў утварэння СПБ. Дзеля стварэння той жа гандлёвай палаты, па яго словах, ён не атрымаў ад СПБ нi капейкi грошай, а, калi палата пачала дзейнiчаць, пералiчыў на рахунак СПБ больш 5 тысяч даляраў.

– З прыходам Кручкоўскага ўсё змянiлася – распавядае З.Пелуць. Па яго словах, Кручкоўскi разам з цяперашнiм кiраўнiком палаты займаюцца незаконным бiзнесам: злоўжываюць сваiм службовым становiшчам, выкарыстоўваюць у камерцыйных мэтах аўтобус Саюза палякаў, парушаюць падаткавае заканадаўства i не дапускаюць Пелуця да бухгалтэрыi, каб спраўдзiць справаводства, нягледзячы на тое, што ён надалей застаецца адным з заснавальнiкаў Гандлёва-прамысловай палаты. Пелуць паведамiў журналiстам, што справамi Кручкоўскага зараз займаюцца адпаведныя органы.

У сваю чаргу «БI» спраўдзiла ў следчага АБЭЗ АУС Адмiнiстрацыi Ленiнскага раёна Гродна Мiкалая Каваленкi, цi насамрэч займаецца справай вышэйназваных асобаў мiлiцыя. Ён пацвердзiў, што праверка вядзецца па заяве грамадзян, аднак пра факты злоўжывання Кручкоўскiм i ягонымi паплечнiкамi следчы пакуль iнфармацыi не пацвердзiў, паколькi праверка яшчэ не скончана.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ

Назад