Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 282 от 03.07.2003  

Памежжа

Еўрарегіён не толькі на паперы

У жнiўнi ў межах Еўрарэгiёна «Нёман» на Калiнiнградчыне пройдзе мiжнародны летнiк грамадскiх арганiзацый «ПоЛiБелКа». Галоўная iдэя – наладжванне супрацоўнiцтва памiж грамадскiмi арганiзацыямi раёнаў, якiя ўваходзяць у Еўрарэгiён – Гродзенская вобласць (Беларусь), Алiтускi, Вiленскi i Марыямпальскi ўезды (Лiтва) i пяць раёнаў Калiнiнградскай вобласцi (Расiя). Назва летнiка складаецца з пачатковых лiтар рэгiёнаў, што ўваходзяць у Еўрарэгiён «Нёман» – Польшча, Лiтва, Беларусь, Калiнiнградчына.

Iдэя правесцi летнiк з’явiлася падчас працы форуму, якi арганiзоўвала грамадскае аб’яднанне «Цэнтр «Трэцi сектар», дарэчы, гэта ж арганiзацыя каардынуе арганiзацыю летнiка з беларускага боку. «ПоЛiБелКа» будзе першым сумесным мерапрыемствам грамадскiх аб’яднанняў Еўрарэгiёна. Пакуль яшчэ не вызначаны спiс арганiзацый, якiя будуць прадстаўляць наш рэгiён, але галоўным крытэрыям адбору стане рэальная дзейнасць аб’яднання па працы з моладдзю. Пасля правядзення летнiка плануецца выдаць зборнiк праектаў i праграмаў грамадскiх арганiзацый Еўрарэгiёна. Ён будзе рабiцца ў некалькiх краiнах адначасова. Напрыклад, у Беларусi тэхнiчны бок падрыхтоўкi да друку, а сам друк – у Лiтве.

Нефармальная атмасфера летнiка дазволiць хутчэй навязаць кантакты. Яшчэ ў праграме – мерапрыемствы па мiжнароднай iнтэграцыi. Напрыклад, вывучэнне асноўных, самых леккiх выразаў на чатырох мовах краiн Еўрарэгiёна, кшталту «здравствуйте», «laba diena», «dzien dobry» i «дзень добры».

Дзмiтрый Ягораў

Назад