Улады не любяць Грунвальда?
Свята Грунвальдскай бiтвы сёлета ў Гродне не будзе. У адмове, падпiсанай намеснiкам старшынi гарвыканкама Валянцiнам Лявонавым, гаворыцца, што «мост памiж Старым i Новым замкамi, дзе планавалася правесцi частку святкавання, знаходзiцца ў аварыйным стане».
Заяву на правядзенне святкаванняў Грунвальдскай бiтвы яшчэ месяц таму падалi старшыня гродзенскай гарадской рады «БНФ Адраджэньне» Аляксандр Мiхальчык, старшыня «Саюзу палякаў Беларусi» Тадэвуш Кручкоўскi i старшыня гродзенскага гарадскога аб’яднання лiтоўцаў у Беларусi «Цевiне» Альгiмантас Дзiргiнчус. Яны планавалi пачаць святочныя мерапрыемствы 13 лiпеня ля Каложы, а потым прайсцi да помнiка Вiтаўту на замкавай гары. Усё было цiха – i вось адказ... Мост, пра якi нагадвае намеснiк старшынi гарвыканкама, насамрэч знаходзiцца ў аварыйным стане, прычым, больш дзесяцi гадоў. I нiкому няма справы да таго, каб яго адрамантаваць. Але кожны дзень па iм i пад iм ходзяць людзi, у выхадныя днi сюды прыязджаюць вяселлi, фатаграфуюцца, кладуць кветкi да помнiка Вiтаўта: людзей часам бывае столькi, што не пералiчыць. I гэта, дарэчы, нiкому не замiнае, у тым лiку i «аварыйнаму» масту.
Нагадаю толькi, што бiтва пад Грунвальдам – адна з важнейшых падзей у гiсторыi трох народаў. 15 лiпеня 1410 года аб’яднаныя сiлы Вялiкага княства Лiтоўскага i Кароны Польскай перамаглi Тэўтонскi ордэн менавiта на Грунвальдскiм полi. Гэтай перамогай нашы продкi практычна ўратавалi сябе ад вынiшчэння.
Мiхаiл КАРНЕВIЧ
|