– Найперш, Марыся, што гэта быў за фестываль i як туды патрапiлi нашы мастакi?
– Нагадаю, што Гродна i французскi Лiмож – гарады-пабрацiмы. Кантакты памiж нашымi гарадамi iснуюць даўно. У межах гэтых кантактаў яшчэ год таму мы ў Гродне распрацавалi праект супрацоўнiцтва памiж мастакамi двух гарадоў. Французы выкарысталi нашы распрацоўкi i вырашылi правесцi ў сваiм горадзе фестываль мастацтваў. Яны запрасiлi не толькi нас, але i немцаў з горада-пабрацiма, сваiх мастакоў з суседнiх гарадкоў i мястэчкаў. Дарэчы, на фестывалi працавалi 45 выставак.
– Хто з гродзенскiх мастакоў патрапiў у Лiмож?
– Мушу нагадаць вам i вашым чытачам, што ў Гродне жыве i працуе шмат таленавiтых мастакоў. У Лiможы Гродна прадстаўлялi такiя вядомыя майстры, як графiк Юрый Якавенка, жывапiсец Сяргей Грыневiч, керамiст Iрына Радкевiч i каваль Юрась Мацко.
– Думаю, што гэтыя iмёны ўжо даўно вядомы не толькi ў нашым горадзе i краiне, цiкава, якi фурор гэтым разам яны зрабiлi ў Лiможы?
– I арганiзатары, i госцi фестывалю ацанiлi працы гродзенскiх мастакоў самай вялiкай цiкаўнасцю. Многiя мастацтвазнаўцы не саромелiся захапляцца ўзроўнем нашага графiка, жывапiсца, керамiста i каваля. Звыклыя гледачы казалi, што яны папросту зачараваны тым, што бачаць. Зрэшты, я вельмi добра памятаю вочы тых гледачоў на выставе: яны былi здзiўленыя i вельмi ўражаныя.
– Марыся, вам таксама так здавалася?
– Я пабачыла не ўсе выставы, але ўсё ж шмат на якiх пабыла, у прыватнасцi, агледзела ўсе выставы гасцей. На мой погляд, нават чалавек, якi не мае мастацкай адукацыi, зможа зразумець, што па мастацкай вартасцi працы нашых мастакоў на некалькi парадкаў вышэй за iншыя.
– А што нашы мастакi – спадзяюся, яны хоць не разгубiлiся там ад вялiкага прызнання?
– Трымалiся, як належыць... У прынцыпе, большасць з iх аб’ехалi многiя еўрапейскiя краiны. Я заўважала, што яны цiкавяцца больш нейкiмi прафесiйнымi дасягненнямi iншых майстроў – тэхнiкай, формай, колерам. Асабiста я яшчэ раз адчула, што мы, як i французы, еўрапейцы, вельмi падобныя i блiзкiя людзi.
– Цiкава, якiм будзе лёс тых работ, застаўшыхся, як я разумею, на фестывалi?
– Вельмi шмат з наведвальнiкаў выставы выказвалi жаданне набыць гэтыя працы. Скажу толькi, што да сканчэння фестываля работы будуць знаходзiцца на фестывалi.
– Марыся, скажыце, а якiя высновы вы зрабiлi для сябе пасля наведвання фестываля? Магчыма, у вас з’явiлiся новыя думкi, iдэi...
– Калi знаходзiшся ў мастацтве, вось так лiтаральна, то забываюцца ўсе праблемы, жыццё становiцца цiкавейшым, больш значным. Мне ўдалося пабачыць, як арганiзоўваюць i падаюць мастака. I гэта праяўляецца не толькi ў любовi да жывапiсу, - да ўсяго мастацкага. Я так кажу таму, што мастацкiм можа быць i мост, i дарога, i сцяна... Вось гэта я падгледзела ў французаў. Праз гэта, дарэчы, бачыцца любоў да чалавека.
– Пазайздросцiлi французам?
– Ды не, я проста зразумела, што гэта не мой дом. I я не шкадавала, што не нарадзiлася францужанкай. I не адчувала, што наш дом горшы ад iхняга. Мне проста было прыемна з тымi людзьмi, з якiмi я размаўляла там кожны дзень. Мне проста хочацца надалей працягваць з iмi кантакты. Мы вельмi падобныя, у нас блiзкiя погляды на жыццё.
– Марыся, скажыце, якiя перспектывы далейшага супрацоўнiцтва памiж мастакамi Лiможа i Гродна?
– Наступны праект, якi я прапанавала французам, датычыць нашых таленавiтых дзяцей. Каб юныя таленты маглi працягваць адукацыю ў вышэйшых навучальных установах Еўропы. Як мне здаецца, французскi бок гэты праект зацiкавiў, паколькi французы насамрэч лiчаць, што ўсё лепшае – дзецям.
Гутарыў Мiхаiл КАРНЕВIЧ