Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 285 от 24.07.2003  

«Басовішча» – сапраўдны бунт маладых беларусаў

Мiнскi гурт «Iндзiго» стаў лаўрэатам ХIV фестывалю музыкi маладой Беларусi «Басовiшча 2003». Фестываль адбываўся ў мiнулыя пятнiцу i суботу ў польскiм мястэчку Гарадок, што побач з беларускай гранiцай у накiрунку Бераставiцы. «Басовiшча» – гэта самы вялiкi ў свеце фестываль беларускага року без цэнзуры. Яго арганiзатарамi ўжо чатырнаццаты раз выступiла Беларускае аб’яднанне студэнтаў у Польшчы.

Той, хто хоць аднойчы пабываў на «Басовiшчы», наўрадцi забудзе ўражаннi ад гэтага мерапрыемстства. Асаблiвасцю свята з’яўляецца не толькi рок-музыка выключна па-беларуску, паўсюдна беларуская гаворка, сапраўдная беларуская сiмволiка, але i незвычайная атмасфера свабоды. Як кажуць самi арганiзатары, фестываль узнiкаў з патрэбы бунту, каб выказацца, паказаць сябе, паказаць, што ўсё гэта – нармальна. Што беларусы ў Польшчы такiя ж самыя, як i палякi ў Польшчы цi чэхi ў Чэхii. I, як не дзiўна, пачуцца такiмi ж вольнымi i нармальнымi атрымалi магчымасць у гэтым невялiчкiм мястэчку маладыя беларусы. Гэтая нармальнасць цягам 14 гадоў захавалася, i гэта, здаецца, самае важнае.

Сёлета на фестывалi выступiлi амаль 30 гуртоў з Беларусi i Польшчы. Акрамя ўдзельнiкаў конкурснай праграмы, якiя, натуральна, яшчэ мала вядомыя сярод аматараў рок-музыкi, выступалi i зоркi беларускай i польскай рок-сцэны – «Крама», «Улiс», NRM, Zero-85.

Словамi цяжка перадаць тое, што адбываецца на сцэне i побач з ёю ў невялiкiм мястэчку. Тым не менш, фестываль збiрае не толькi моладзь, але малых i старых. Моладзь шалее пад добрую музыку, прычым, без перапынку, i дзiву даешся, адкуль у людзей можа брацца столькi энергii. З другога боку, разумееш, што ў нашай краiне гэтая маладая энергiя не знаходзiць выхаду, паколькi нi падобных фестываляў, нi, наогул, беларускiх сапраўдных iмпрэзаў у нашай краiне не праводзiцца. Беларуская эстрада варыцца сама ў сабе, i толькi зрэдку каму-небудзь удаецца прарвацца на расiйскi рынак, прычым, не з беларускай песняй. З часоў «песняроў» на абшарах адной шостай часткi сушы нiхто так i не пачуў беларускай песнi. Яе не чуюць нават у самой Беларусi. Такое ўражанне, што яе i не iснуе. I толькi ў невялiкiм польскiм Гарадку разумееш, што гэта не так. Што ёсць не толькi беларуская песня, ёсць беларускiя музыканты, слухачы, мова...

Дзiўную гаворку давялося пачуць памiж сталымi людзьмi, якiя назiралi за канцэртам у Гарадку. Адна з бабулек клiкала другую, каб iсцi дадому, маўляў, усё грымiць немагчыма слухаць, а другая ў адказ: дай яшчэ хоць трохi пачую, як маладыя па-беларуску спяваюць. У Гарадку, як i ў навакольных вёсках, у большасцi жывуць этнiчныя беларусы, амаль у кожнай вёсцы суседнiчаюць царква i касцёл, людзi без праблем размаўляюць як па-беларуску, так i па-польску.

Галоўны арганiзатар «Басовiшча» – БАС (Беларускае аб’яднанне студэнтаў у Польшчы з’явiлася напачатку 80-х гадоў, яшчэ з першай «Салiдарнацю». Менавiта студэнты з мястэчак i вёсак Беласточчыны сталi авангардам беларускага адраджэння ў Польшчы. Менавiта з гэтага асяродку паходзiць большасць беларускай iнтэлiгенцыi ў Польшчы. Дарэчы, цяпер арганiзацыя налiчвае каля пяцiдзесяцi сябраў, але яе дзейнасць на прыкладзе арганiзацыi традыцыйнага фестывалю «Басовiшча» гаворыць аб тым, што i такiмi невялiкiмi сiламi можна шмат чаго зрабiць i дабiцца. Дарэчы, добры прыклад для беларускай моладзi ў плане канкрэтнай працы, паколькi сёлета ў Гродне патрыятычная моладзь не здолела нават арганiзаваць свята Купалля. Гэта, зрэшты, мiж iншым.

Нягледзячы на ўсе здабыткi, часта даводзiлася чуць ад мiнулагоднiх арганiзатараў «Басовiшча», што з кожным годам iмпрэзу рабiць даводзiцца складаней – на гэта выдзяляецца менш сродкаў. А адзiн з галоўных фундатараў фестывалю – Мiнiстэрства культуры Польшчы. Тым не менш, як сведчаць старажылы, палатак у Гарадку на гэтым фестывалi было не менш, чым у мiнулыя гады. Прычым, iх можна было бачыць не толькi ў палатачных гарадках, а практычна ў кожным местачковым двары. На iмпрэзу ў Гарадок звычайна з’язджаецца да сямi тысяч чалавек.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ

Назад