Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 286 от 31.07.2003  

Імша за Васіля Быкава ў Дзень незалежнасці

У гродзенскiм катэдральным саборы правялi iмшу за Васiля Быкава. Гэта адбылося 27 лiпеня. Менавiта ў гэты дзень, толькi 13 гадоў таму, беларускi парламент прыняў Дэкларацыю аб суверэнiтэце Беларусi. I ў гэты ж дзень, толькi сёлета, у некалькiх месцах горада луналi над дахамi жылых будынкаў бела-чырвона-белыя сцягi.

27 лiпеня споўнiлася 35 дзён, як памёр Васiль Быкаў. Як вядома, згодна каталiцкага веравызнання, душа нябожчыка пакiдае гэты свет на 30 дзень, а згодна праваслаўнага – на 40. У катэдральным касцёле ў нядзелю, як звычайна, было шматлюдна. Iмшу адпраўлялi толькi за аднаго нябожчыка – Васiля Быкава. Ксёндз узгадаў аб тым, што Васiль Быкаў жыў у нашым горадзе, пералiчыў ягоныя творы, нават зазначыў, што яны выйшлi накладам звыш 3.5 мiльёнаў асобнiкаў. У храме панавала гэтым разам надзвычайная цiшыня.

Так супала, што iмша адпраўлялася якраз у дзень, калi Беларусь атрымала незалежнасць i парламент аб’явiў аб суверэнiтэце краiны на ўвесь свет. Дарэчы, яшчэ адно сiмвалiчнае супадзенне, паколькi пiсьменнiк памёр 22 чэрвеня, якраз у той дзень, калi пачалася Вялiкая Айчынная вайна, якую ён прайшоў i апiсаў так, што ягоныя кнiгi чыталi ва ўсiм свеце.

У гэты ж дзень над горадам на некаторых будынках луналi бела-чырвона-белыя сцягi, беларускi нацыянальны сiмвал, якому больш за 700 гадоў i якi ў 1990 годзе парламентам краiны быў зацверджаны як дзяржаўны сiмвал. Што сталася з iм цяпер, вядома кожнаму беларусу. Афiцыйныя ўлады свята не адзначалi.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ

Назад