Вярхоўны суд адмовіўся рэабілітаваць Ларысу Геніюш
Беларускi Хельсiнскi камiтэт звярнуўся 9 лiпеня да 7кiраўнiка дзяржавы з просьбаю рэабiлiтаваць паэтку.
У 1949 годзе Ларыса Генiюш была асуджаная да 25 гадоў зняволення паводле абвiнавачання ў падрыўной дзейнасцi супраць СССР. Яна датэрмiнова была вызваленая ў 1956 годзе i да сваёй смерцi ў 1986 годзе жыла ў пасёлку Зельва, што ў нашай вобласцi пад наглядам КГБ. У лiсце БХК да Лукашэнкi адзначаны шэраг юрыдычных матываў: Генiюш была асуджаная, не з’яўляючыся грамадзянкаю БССР, з матэрыялаў яе справы вынiкае, што ёй iнкрымiнавалася сяброўства ў арганiзацыях «Беларуская Рада» i «Беларуская народная самапомач», якiя, адзначае Беларускi Хельсiнскi камiтэт, не вялi антысавецкай цi прафашыстоўскай дзейнасцi. Апроч iншага, камiтэт адзначае, што артыкулы крымiнальнага кодэксу, паводле якiх Ларыса Генiюш была асуджаная, былi скасаваныя ў 1960 годзе, што паводле заканадаўства мусiць цягнуць за сабою скасаванне прысуду i рэабiлiтацыю.
У 1999 годзе БХК ужо звяртаўся ў Генпракуратуру Беларусi з просьбаю апратэставаць прысуд Ларысе Генiюш i яе мужу Яну. Справа была накiраваная ў Вярхоўны суд, якi пастанавiў, што Ларыса Генiюш увогуле не падлягае рэабiлiтацыi. Было таксама паведамлена, што матывы гэтага могуць быць абвешчаныя толькi самой рэпрэсiраванай.
Цяперашнi зварот Хельсiнскага камiтэту Аляксандар Лукашэнка пакiнуў без адказу, пераадрасаваўшы яго Вярхоўнаму суду. А Вярхоўны суд пацвердзiў сваю ранейшую пазiцыю, адказаўшы, што Ларыса Генiюш была абгрунтавана прызнаная не падлягаючай рэабiлiтацыi.
Радыё Свабода
|