Будзе помнік ля Каложы
Насупраць Каложскай царквы ў хуткiм часе з’явiцца помнiк славутай гiстарычнай асобе – князю Давыду Гарадзенскаму. Помнiк гэты – не скульптура, а вялiзны валун з выявай крыжа Еўфрасiннi Полацкай i тэкстам – «Давыду Гарадзенскаму. Каля 1287 – 1326 гг. Славутаму абаронцу Гродна ад крыжацкай навалы ад удзячных нашчадкаў». Выконвае работу вядомы скульптар Уладзiмiр Панцялееў. Аўтар тэксту на помнiку гродзенскi гiсторык Алесь Краўцэвiч.
Побач з Каложскай царквой ужо паставiлi камень на княжскай магiле. Ён без надпiсу, толькi з высечаным крыжом. Нагадаю, што князь Давыд Гарадзенскi быў адзiн з нямногiх, хто хадзiў з войскам паходамi на крыжакоў. Крыжацкiя ваеначальнiкi баялiся князя i падкупiлi здраднiка, каб ён яго забiў. Так i здарылася. Воiны прынеслi яго цела на руках з Мазураў i пахавалi побач з Каложай.
Помнiк у выглядзе валуна, якi будзе стаяць насупраць Каложы, адкапалi непадалёк царквы. Яго вага складае каля 14 тон. Скульптар Уладзiмiр Панцялееў перакананы, што ён прызначаўся менавiта для храму. Па яго словах, асноўная задача – зрабiць цяпер з гэтага камня шэдэўр, якi меў бы такое ж значэнне, як i царква. Плануецца, што ўрачыстае адкрыццё помнiка адбудзецца ў канцы верасня падчас святкавання 875-х угодкаў Гродна. Дарэчы, у свой час вядомы гiсторык Мiхась Ткачоў марыў паставiць скульптуру Давыда Гарадзенскага, нават адбыўся невялiкi конкурс праектаў. Тады ўдалося толькi назваць княжскiм iмем вулiцу ў Старым горадзе.
– Наогул, каля Каложы iснуе мноства пахаванняў. Зараз, калi нават брацца садзiць кветкi, калi неглыбока капнуць, лiтаральна на 50 сантымэтраў, усюды натрапляеш на косцi, – распавядаў настаяцель царквы айцец Аляксандр. Святар лiчыць, што камень з крыжом будзе служыць помнiкам не толькi Давыду Гарадзенскаму, але i ўсiм тым, хто быў пахаваны каля храму.
I яшчэ адна цiкавая акалiчнасць. У скульптара кiпiць работа, а нехта ўжо ўсклаў каля помнiка жывыя кветкi.
Мiхаiл КАРНЕВIЧ
|