Пайшлі вы са сваёй рэабілітацыяй!..
9 жнiўня ў Зэльве збiралiся людзi, якiя шануюць памяць аб вядомай паэтцы Ларысе Генiюш. Яна нарадзiлася ў гэты дзень у 1910 годзе. Пасля вызвалення з ГУЛАГа жыла ў Зэльве, дзе i пахавана. Збiрацца 9 жнiўня – традыцыя шанавальнiкаў творчасцi паэткi i яе асобы, якая паказала сапраўдны нязломны беларускi характар.
У зэльвенскай цэркаўцы адбылася лiтургiя, на якой успамiналi Ларысу Генiюш. Упершыню адбылося ўсё на беларускай мове: правiў службу айцец Аляксандр з Каложы, i спяваў таксама – каложскi царкоўны хор. Ля магiлы панiхiду адправiў зэльвенскi святар айцец Аляксандр.
Як заўсёды, каля магiлы выступалi тыя, хто адмыслова прыехаў у Зэльву ў гэты дзень. Дарэчы, найбольш было гродзенцаў, яны прыбылi вялiкiм «Iкарусам». Прамовы былi кароткiя, але ёмiстыя. А галоўным рэфрэнам гучала тэма рэабiлiтацыi паэткi. Як вядома, напярэдаднi Беларускi Хельсiнкскi Камiтэт звяртаўся да А.Лукашэнкi з просьбай рэабiлiтаваць Ларысу Генiюш. Гэты крок для шмат каго быў нечаканасцю, абсурдам. Добра вядома, што ў значна больш спрыяльныя часы – пры Кебiчу i Шушкевiчу – у рэабiлiтацыi вялiкай беларускай паэткi КДБ у хаўрусе з уладай адмовiлi. Якi сэнс было звяртацца паўторна, ды яшчэ да Лукашэнкi? Сама яна нiколi б падобны крок не ўхвалiла, а значыцца, падобны зварот можна расцанiць, як не маральны.
Сапраўды, хiба магла б Ларыса Генiюш прасiць у посткамунiстычнай улады рэабiлiтаваць яе? Улады, якая цалкам апраўдвае камунiстычны тэрор, знiшчэнне ўсяго беларускага, рэпрэсii супраць беларускiх патрыётаў, якая паўторна знiшчыла беларускiя школы, нацыянальныя сiмвалы? Добра сказаў над магiлай паэткi Пятро Рашэтнiк з Баранавiчаў, якi яе ведаў з часоў ГУЛАГа – яна нi ў чым не вiнаватая перад беларусамi, таму няварта прасiць яе рэабiлiтацыi ў Лукашэнкi... Варта дадаць, што ў незалежнай дэмакратычнай Беларусi Ларыса Генiюш будзе адной з самых шанаваных асобаў нацыянальнай гiсторыi.
Сяргей МАКСIМОВIЧ
|