ГЭС: «за» і «супраць»
Група маладых людзей усталявала палатку на Нёмане. Такiм чынам яны пратэстуюць супраць будаўнiцтва ГЭС.
З мiнулага панядзелка на востраве, што знаходзiцца на Нёмане, у Гродне працягваецца акцыя сябраў Беларускага сацыяльнага дзеяння «Разам» «Нёман без ГЭС».
Група маладых людзей усталявала палатку на зялёным востраве на Нёмане, акурат насупраць Каложы. Побач з палаткай усталяваны вялiкi лозунг «НЁМАН БЕЗ ГЭС!», а таксама знак экалагiчнага супрацiву – Е. Так малавядомае гродзенскае аддзяленне БСД «Разам!» распачало доўгатэрмiновую акцыю па прыцягненню ўвагi грамадскасцi да праблемы разбурэння экасiстэмы Нёмана. Яны лiчаць, што праект будаўнiцтва не прайшоў экалагiчнай экспертызы.
Нагадаю, што рашэнне аб будаўнiцтве гродзенскай ГЭС было прынята яшчэ ў мiнулым годзе. I энергетыкi маюць зусiм iншыя довады ў дачыненнi да будаўнiцтва ГЭС. Гродзенская гiдраэлектрастанцыя будзе мець магутнасць 15-17 мегават. Гадавая выпрацоўка электраэнергii складзе 85-92 мiльёнаў кiлават-гадзiн. Кошт яе ўзвядзення - 28 мiльёнаў долараў. Як сцвярджаюць праектыроўшчыкi, энергiя станцыi дазволiць эканомiць палiва блiзу 3,5 мiльёнаў долараў штогод. Адна тона палiва для ТЭЦ зараз каштуе 60 долараў. На выпадак, калi ТЭЦ не здолее працаваць, энергii ад ГЭС будзе дастаткова, каб падтрымлiваць электразабеспячэнне ва ўсiм горадзе, альбо забяспечыць запуск ТЭЦ. Што датычыць экалогii. Энергетыкi звяртаюць увагу на тое, што ТЭЦ штогод выкiдвае ў атмасферу 280 тон шкодных рэчываў, у той час, калi ГЭС – цалкам экалагiчная электрастанцыя. Больш таго, без адпаведнай экалагiчнай экспертызы распачынаць працу па ажыццяўленню нiхто не зможа. Ды i цяпер праект знаходзiцца на дапрацоўцы менавiта з эколагамi. Тым часам праект прадугледжвае стварэнне водаахоўных зон, паляпшэнне якасцi пiтной вады для насельнiцтва, воднае добраўпарадкаванне тэрыторыi i населеных пунктаў, ачышчэнне паветра, павелiчэнне рыбных запасаў, прадугледжаны судаходны шлюз, рыбапрапускная прылада, да часу затаплення ўнiкальных археалагiчных аб’ектаў i помнiкаў нават прадугледжана правядзенне археалагiчных раскопаў.
Тэма для нас усiх даволi важная. Таму «БI» заклiкае ўсiх зацiкаўленых, i асаблiва, дасведчаных людзей выказвацца на старонках нашай газеты.
М.МIКАЛАЙЧЫК
|