Амерыканскія беларусы аддалі Касцюшку палякам
Жнiвеньскiмi днямi чвэрць стагоддзя таму ў Чыкага з’явiўся помнiк нацыянальнаму герою Беларусi, Польшчы, Францыi i ЗША Тадэвушу Касцюшку. Але сярод мноства надпiсаў на пастаменце пра талент брыгаднага генерала армii Поўначы няма нават узгадкi пра беларускае паходжанне Касцюшкi. Спробы прадстаўнiкоў беларускай дыяспары ў Чыкага аднавiць гiстарычную раўнавагу аказалiся марнымi. У часе камандзiроўкi ў ЗША карэспандэнт Радыё Свабода сустрэўся з тымi, хто спрабуе данесцi амерыканцам праўду пра выбiтнага нараджэнца Беларусi.
Конная скульптура Тадэвуша Касцюшкi ў цэнтры Чыкага з’явiлася ў жнiўнi 1978 года з iнiцыятывы польскай дыяспары – дарэчы, колькасна самай вялiкай пасля мексiканскай. Зусiм натуральна, што на велiчным мануменце сярод пералiку вайсковых заслугаў генерала па-польску напiсана: «Вялiкаму грамадзянiну Польшчы i ЗША». Нi слова пра тое, што Касцюшка – беларус, што нарадзiўся ён у фальварку Мерачоўшчына на Берасцейшчыне, што неаднойчы вяртаўся на радзiму i жыў там. Амерыканскiя палякi не пазначылi на пастаменце, што паўстанне 1794 года, якое ён ачолiў, было нацыянальна-вызвольным аднолькава як для палякаў, гэтак i беларусаў. I што самы дзейны чын бралi ў iм беларусы.
Зрэшты, Касцюшка – не адзiны, каго стагоддзямi не могуць падзялiць паводле нацыянальнай прыналежнасцi беларусы i палякi. Тое ж тычыцца i Мiцкевiча, i Ажэшкi, i Агiнскага. Але ў той час, як палякi актыўна прапагандуюць у свеце «сваiх», з iхнага гледзiшча, нацыянальных герояў, беларусы ў шэрагу выпадкаў ледзьве не добраахвотна адмаўляюцца ад уласных знакамiтых продкаў.
Такога меркавання трымаецца сакратарка Беларускага каардынацыйнага камiтэту ў Чыкага Вера Жызьнеўская. Пра свае пачуццi падчас адкрыцця помнiка «польска-амерыканскаму грамадзянiну» Касцюшку яна распавядае так: «Балела сэрца, але што мы маглi зрабiць? Тут увесь час афiшуецца, што Касцюшка – паляк, маўляў, гэта першы паляк, якi даслужыўся да генеральскага чыну ў Амерыцы. Бяда ў тым, што беларусы не дамагаюцца свайго, сваёй праўды. Нашыя людзi працавалi шмат для каго. I проста аддаюць свае таленты чужым нацыям. I гэта найгоршая бяда – самi не цэнiм свайго. А сваё цанiць мусiм. Дарэчы, помнiк адразу стаяў у Гамбуль-парку, а потым яго перанеслi да самага Мiчыгану, блiжэй да гэтак званай польскай секцыi. Цяпер, праўда, у гэтым месцы больш мексiканцаў жыве. Так што, усё памянялася».
– Але не вельмi мяняецца стаўленне беларусаў да сваiх нацыянальных герояў як у самой Беларусi, гэтак i на чужыне, у эмiграцыi, – лiчыць былы старшыня беларускага каардынацыйнага камiтэту Вiтаўт Рамук.
Ён кажа, што найбольшая актыўнасць беларусаў прыпадае на 1960-70-я гады, калi былi людзi, фiзiчна здольныя да працы. Аднак паўстае натуральнае пытанне: чаму, калi палякi жывуць разам, трымаюцца адзiн другога, украiнцы маюць свае калонii, то беларусы адпачатку адасобленыя. I маладыя, якiя цяпер прыязджаюць, таксама не папаўняюць шэрагi беларусаў?
Спадар Рамук распавядаў, што ўкраiнцы некалькi гадоў таму заснавалi village – уласную вёску. Палякаў у Чыкага жыве амаль столькi, колькi ў Варшаве. А беларусы заўсёды былi расцярушаныя па горадзе. Да таго ж, мiжваенная эмiграцыя была пераважна заробкавая, працоўная. Кантакты з iмi былi вельмi цяжкiя, яны больш былi радыкалiзаваныя: у часе вайны тут досыць моцна працавала савецкая амбасада, i з iмi было мала кантактаў.
Ля помнiка Тадэвушу Касцюшку ў Чыкага заўсёды шмат людзей. Усе ахвотна фатаграфуюцца: скульптура вершнiка сапраўды вельмi эфектная, а заслугi генерала перад Амерыкай уганараваныя яшчэ 220 гадоў таму Кангрэсам ЗША. Апроч усяго, гэта своеасаблiвае месца паломнiцтва палякаў: польская мова тут – звычайная. А вось беларусы, якiя ў Чыкага жывуць даволi адасоблена i нават не могуць сказаць, колькi iх там ёсць, такога нацыянальна афарбаванага месца ў шматмiльённым горадзе не маюць.
Iгар КАРНЕЙ, Радыё Свабода
|