Хацелі як лепш...
Роздум пасля сумнай урачыстасцi
Такое, мусiць, магло адбыцца толькi ў краiне Саветаў. Паўвека маўчаць i нiдзе фактычна не ўзгадвать пра гiбель дзесяткаў тысяч сваiх салдат, кiнутых на волю лёсу высокiм камандаваннем, галодных i змардаваных, якiя пераважна засталiся без зброi, пазбаўленых цэнтралiзаванага кiраўнiцтва, сувязi, самых неабходных лекаў...
Размова iдзе пра самаахвярных воiнаў «Навагрудскага катла», у якiм у канцы чэрвеня – пачатку лiпеня злавеснага 1941 года апынулiся 11 дывiзiй Заходняга фронту. Гэта была забароненая тэма. I толькi пад канец мiнулага ўжо ХХ стагоддзя, асаблiва пасля выхаду ў свет кнiгi гродзенскага гiсторыка Iвана Басюка «Навагрудскi кацёл», многiя загаварылi аб трагедыi ў Налiбоцкай пушчы.
Пра драму пад Навагрудкам даведалiся ў краiнах СНД, у Польшчы i Германii. I бываючы ў старажытным горадзе, ветэраны вайны, турысты з заходнiх дзяржаў не раз пыталiся: дзе абелiск ў гонар герояў-пакутнiкаў, дзе ўскласцi кветкi? Так перад мясцовай уладай паўстала пытанне аб узвядзеннi помнiка самаахвярным салдатам. Летам 1999 года распараджэннем былога старшынi аблвыканкама Аляксандра Дубко былi выдзелены сродкi на праектаванне памятнага знака. Гэту адказную работу выканаў гродзенскi камбiнат «Мастацтва». Меркавалi адкрыць помнiк да 55-й гадавiны Перамогi. Затым – да чарговых угодкаў вызвалення Беларусi. Ды адыйшло ў гiсторыю ХХ стагоддзе, мiнулi 2001 i 2002 гады. А кветкi несцi па-ранейшаму не было куды. I ўсе з-за няхваткi грашовых сродкаў. Не апраўдалiся надзеi навагрудчан на дапамогу высокiх iнстанцый.
Своеасаблiвая эпапея на мемарыяльную тэму, перакачаваўшы з мiнулага ў ХХI стагоддзе, нарэшце, знайшла сваё вырашэнне. На выручку прыйшло таварыства з абмежаванай адказнасцю «Лiда саюз-кантракт» на чале з Рычардам Грушам, таленавiтым мастаком-скульптарам. Гэты калектыў узяў на сябе частку выдаткаў па вырабу i ўстаноўцы памятнага знака салдатам «Навагрудскага катла». Амаль паўгода працавалi лiдчане над ажыццяўленнем дабрачыннага праекта i годна справiлiся з адказнай справай. Нядаўна на ўзгорку каля шашы Навагрудак – Любча, адкуль адкрываецца вiд на Налiбоцкую пушчу, паўстаў даўгачаканы помнiк. Падобны на той, што задумалi гродзенскiя творцы. На вялiзным каменi бачны выявы трох чырвонаармейцаў. Вось фiгура пранiзанага варожымi кулямi байца, ён, вiдаць, амаль мертвы, але па iнэрцыi iмкнецца наперад. Другi воiн, сцiскаючы ў нечалавечым напружаннi зброю, нахiлiўся наперад, нiбы спрабуючы не то вырвацца з тоўшчы каменя, не то з акружэння. Уражвае постаць трэцяга салдата, якi звалiўся на родную зямлю i быццам просiць у яе паратунку – каб атрымаць ад роднай нестаючых сiл i прадоўжыць змаганне з ворагамi.
Адкрыццё помнiку стала падзеяй мясцовага масштабу. Хоць некаторыя верылi чуткам, што на ўрачыстасцi будзе прэзiдэнт краiны. Дарэчы, была б прысутнасць дэлегацый з суседнiх раёнаў. Скажам, з Iўеўшчыны, на тэрыторыi якой у першыя днi вайны мужна змагалiся воiны легендарнай 24-й стралковай дэвiзii, а потым адыйшлi ў тую ж Налiбоцкую пушчу. Там жа закончыўся жыццёвы шлях многiх салдатаў-акружэнцаў, якiя да гэтага давалi адпор фашыстам у Лiдскiм, Воранаўскiм, Дзятлаўскiм i iншых раёнах. Але прадстаўнiкоў адтуль не было. Добра, што на згаданым мiтынгу прысутнiчаў намеснiк начальнiка ўпраўлення iнфармацыi аблвыканкама Павел Скрабко.
I яшчэ пару заўваг. На ўрачыстасцi, на жаль, не быў зроблены акцэнт на драматычна-пакутнiцкiм лёсе салдат, што аказалiся ў злавеснай пастцы. Пачуць аб гэтым людзi спадзявалiся з вуснаў ветэрана, якога прадставiлi як сведку тых падзей. Чалавек той гаварыў доўга, але мала па сутнасцi: як вучыўся ў польскай школе, пасля 1939 года – у савецкай, затым агульнавядомае пра вайну, а пра цяжкiя выпрабаваннi воiнаў-акружэнцаў уражлiвых фактаў не назваў. Працяглае i агульнае выступленне выклiкала незадаволенасць стоячых пад спякотным сонцам удзельнiкаў вайны. Далей. Мiтынг праходзiў у Дзень Рэспублiкi. Але навагрудскiя выступоўцы i ў такое свята не сталi гаварыць па-беларуску, i каб не прадаставiлi слова гасцям з Гродна i Лiды I. Басюку i Р. Грушу, то тут не прагучала б родная мова. Выходзiць, мясцовае начальства нават на нацыянальнае свята не звяртаецца да яе, як гэта робiць прэзiдэнт.
I напрыканцы такая думка. Зараз ўсё часцей абаронцаў ў 1941 годзе Магiлева ставяць у адзiн шэраг з абаронцамi Брэсцкай крэпасцi. А хiба не заслугоўваюць такога параўнання салдаты «Навагрудскага катла», супраць якiх змагалiся 25 гiтлераўскiх дэвiзiй – амаль палова наяўных ў аператыўнай группе «Цэнтр» сiл. Так, подзвiг пад Магiлевам дастойны высокай ацэнкi. Ды гэта, падкрэслiваюць спецыялiсты, быў ужо другi стратэгiчны эшалон. А заходнi фронт паўлаўскага фармiравання загiнуў у самым пачатку вайны. Таму гераiзм i самаахвярнасць тых патрыётаў, што былi ў налiбоцкай пастцы, заслугоўваюць годнага прызнання. I прыйдзе, верыцца, час, калi ў iх гонар з’явiцца помнiк i ў Навагрудку, як прапанаваў гэта зрабiць былы вайсковец, дацэнт Iван Басюк.
Аляксандр ЖАЛКОЎСКI
|